Губэрнатар Арэнбурскай вобласьці Сяргей Салмін заклікаў жыхароў абласнога цэнтру тэрмінова эвакуавацца перад небясьпекай рэзкага павелічэньня ўзроўню вады.
«За апошнія 10 гадзін узровень вады ва Ўрале падняўся на 40 сантымэтраў і цяпер складае 1143. Гэтыя паказчыкі небясьпечныя. Вазьміце з сабой дакумэнты, лекі, рэчы першай неабходнасьці і тэрмінова пакіньце будынкі. Стан крытычны, не марнуйце часу», — напісаў Сяргей Салмін у сваім Telegram-канале.
У горадзе ўключылі гукі сырэны. Ва ўрадзе рэгіёну заявілі аб пагрозе прарыву яшчэ адной дамбы.
У Гідрамэтцэнтры Расеі паведамілі, што ў васьмі населеных пунктах вобласьці захаваецца перавышэньне паказчыкаў небясьпечных зьяваў.
«Вялікая вада» прыйшла ў Самарскую і Ўльянаўскую вобласьці, у кожнай зь іх затоплена па адным населеным пункце.
Гідролягі папярэдзілі, што прыбыцьцё вады да небясьпечных адзнак чакаецца да 14 красавіка ў Курганскай вобласьці, да 15 красавіка — у Алтайскім краі, да 17 красавіка — у Цюменскай.