Сьцісла:
- Выніковая вэрсія тэракту мусіць будавацца на фактах, а не на інтэрпрэтацыях прапаганды.
- Пажыцьцёвыя кіраўнікі разглядаюць тэракт не як адасобленае злачынства, а як сродак утрыманьня сваёй улады.
- Падмена фактаў інтэрпрэтацыямі становіцца базавым прынцыпам для перапісваньня ўсёй гісторыі краіны.
- Калі аўтарытарны кіраўнік дзеля сваіх інтарэсаў выкарыстоўвае тэракты, гэта прыводзіць да нівэляваньня тэрору як такога і як інструмэнту дзяржаўнай палітыкі.
Ці засталіся пытаньні?
У 2015 годзе адбыўся тэрарыстычны акт у рэдакцыі часопіса Charlie Hebdo ў Парыжы. У выніку нападу ісламскіх баевікоў загінулі 12 чалавек, параненыя 11. Галоўных падазраваных, братоў Саіда і Шэрыфа Куашы, зьліквідавала паліцыя падчас спэцапэрацыі. Адказнасьць за напад узялі на сябе тэрарыстычныя арганізацыі «Аль-Каіда» і «Ісламская дзяржава». Гэта сутнасьць здарэньня, апісаная аб’ектыўнымі фактамі. Чым усё скончылася? У Парыжы адбыўся «Марш Рэспублікі» ў памяць пра ахвяраў тэракту. У ім узялі ўдзел некалькі дзясяткаў кіраўнікоў і прадстаўнікоў дзяржаваў сьвету. Расейскую дэлегацыю ўзначаліў міністар Лаўроў. Спачуваньне выказаў Лукашэнка. Паводле ацэнак паліцыі, у маршы ўзялі ўдзел больш за два мільёны парыжанаў.
Згадваю гэтую трагедыю, бо яна мае цалкам зразумелы пачатак, працяг і годнае завяршэньне. Ці ў вас засталіся пытаньні? У мяне не. А яшчэ згадваю таму, што ў цывілізаваным сьвеце гэта тыповая рэакцыя на тэракт, і ў такім выглядзе гэтая трагедыя ўвайшла ў гісторыю. А яшчэ ў такім выглядзе рэакцыя ўладаў абсалютна не падобная на тое, што адбывалася пасьля выбуху ў менскім мэтро 13 гадоў таму або ў маскоўскім «Крокусе» нядаўна. Чаму?
Тут улады ставяцца да тэракту не як да адасобленага злачынства, а як да падзеі, шчыльна зьвязанай з уласнымі палітычнымі інтарэсамі, як да таго, што можна растлумачыць на сваю карысьць. Чаму так часта пасьля расейскіх тэрактаў чуваць галасы, што «Пуцін гэта сам арганізаваў»? А таму, што калі й не арганізаваў, дык знайшоў гэтаму сваё тлумачэньне. Такое можа быць толькі пры незьмяняльнасьці ўлады. Бо калі ў цябе адзін-два тэрміны, ты думаеш, якая пасьля цябе застанецца памяць і крый Божа такое падазрэньне на сябе «павесіць». А калі ты займаеш пасаду пажыцьцёва, табе важней ня памяць, а тое, каб сядзець пажыцьцёва. І калі тэракт можна выкарыстаць дзеля гэтае мэты, дык ён для цябе толькі сродак.
Хто забіў Прыгожына?
У Расеі і Беларусі пажыцьцёвая ўлада ў злачынных або трагічных здарэньнях шукае для сябе выгадную інтэрпрэтацыю. А інтэрпрэтацыі, як вядома, не выклікаюць даверу і правакуюць на новыя кансьпіралягічныя дапушчэньні.
Інфармацыя здаецца не аб’ектыўнымі фактамі, а менавіта інтэрпрэтацыяй прапаганды. Дапушчэньне, нават самае неверагоднае, прасоўваецца як факт. І рэальная карціна падзеі ў гэтай куламесе таксама пачынае выглядаць як адна з інтэрпрэтацый. У выніку падзеі адыходзяць у гісторыю, так і не атрымаўшы адназначнага тлумачэньня, а ўрэшце і сама гісторыя складаецца з гэтых самых інтэрпрэтацый, якія да таго ж можна зьмяняць ва ўгоду актуальнай прапагандзе, то бок гісторыю пры гэткім падыходзе перапісваць можна.
Удумлівай публіцы пакідаецца шырокая прастора для дапушчэньняў. Хто забіў Прыгожына? «Пуцін, вядома, ён ня змог дараваць Прыгожыну мяцяжу!» Але ж яны сустракаліся пасьля мяцяжу і мелі «канструктыўную размову», як старыя прыяцелі. Навошта было Пуціну сустракацца, калі ён ужо вынес Прыгожыну прысуд? «Можа, гэта была сустрэча для прыкрыцьця!» Прыкрыцьця чаго? Забойства? Але ж адплата, наадварот, мусіла быць публічнай і паказальнай, у пуцінскім стылі. Значыць, для прыкрыцьця таго, што ніякага забойства не было? Два старыя прыяцелі пасадзілі кагосьці падстаўнога ў самалёт, самалёт узарвалі ў палёце, правялі пахаваньне, больш падобнае на спэцапэрацыю. Тым часам Прыгожын — з «плястыкай», зьмененым пашпартам, але з усімі сваімі актывамі гуляе ў белых штанах недзе па Рыё-дэ-Жанэйра.
У такім прыблізна выглядзе падзея «адыходзіць у гісторыю» — з мноствам пытаньняў без адказаў. Скажу болей: у такім выглядзе ўсе падобныя падзеі «становяцца гісторыяй». І яшчэ болей: уся расейская і беларуская гісторыя ў яе расейскай трактоўцы — якраз такая, для дасьведчанага чытача напісаная ня літарамі, а пытальнікамі.
Гісторыя, напісаная пытальнікамі
Нешта ўцямнае і адназначнае ў нашай гісторыі канчаецца тады, калі адныя ўладары Вялікага Княства Літоўскага, заклапочаныя звыш меры сваімі маёнткамі, аддалі нашу зямлю пад Расейскую імпэрыю, а іншыя, як маглі, ім супраціўляліся: «Забіце мяне, але не забівайце Айчыны!». Тут нічога інтэрпрэтаваць немагчыма. Усё задакумэнтавана і ні разу не ўзьнікае сумневу, што адбылося тое, што адбылося: лёгіка, прычынна-выніковыя сувязі, а галоўнае — што ў выніку? — нідзе не парушана. З гэтага моманту і ўглыб вякоў — так выглядае ўся наша старажытная гісторыя.
На жаль, сілы былі няроўныя, з дапамогай згоднікаў Расея захапіла тагачасную Беларусь — і пачалося... Пачаліся пэрманэнтныя паўстаньні за вызваленьне ад расейскага ярма, якія новай расейскай уладай адразу былі названыя «польскімі паўстаньнямі». Маўляў, да нас яны ніякага дачыненьня ня маюць, беднага Каліноўскага проста зьбілі з панталыку. Гэта быў ягоны галоўны ўчынак — аддзяліць Беларусь ад Польшчы і змагацца з Расеяй за незалежнасьць. А тут на табе — «паляк».
Далей што ні вазьмі... Пра бальшавіцкі пераварот у Расеі 1917 году напісаныя горы кніг, але што гэта было, адназначна ніхто ня скажа.
Інтэрпрэтацыі спрыяюць забыцьцю гісторыі, атрафуюць тое, што называецца гістарычнай памяцьцю — тым, між іншым, што адрозьнівае чалавека ад жывёлы: жывёла не запамінае свой родавы (калектыўны) досьвед. І калі функцыя памяці не спрацоўвае, народ зноў і зноў наступае на тыя самыя граблі, на якія ўжо наступаў неаднойчы. Гэтак сёньняшнія рэпрэсіі сталі магчымымі дзякуючы таму, што забылі папярэднія, сталінскія. А абуджэньне памяці пра Курапаты, наадварот, стала штуршком да нацыянальнага ўздыму і абвяшчэньня незалежнасьці краіны.
Ад тэракту да тэрору
Згадваючы тэракт у менскім мэтро 11 красавіка 2011 году, звычайна ўспамінаюць, як хутка і неаб’ектыўна было праведзенае расьсьледаваньне, як непераканаўча гучаў матыў здарэньня (дэстабілізацыя абстаноўкі), асабліва ў вуснах людзей, названых выканаўцамі. Адкуль усе гэтыя сумневы? А ўсё ўрэшце зводзіцца да недаверу ўладам. Тым часам улады адказваюць на гэта ня пошукамі даверу, як рабілі б палітыкі ў цывілізаваным сьвеце, а менавіта гэтым самым недаверам як фрондай. А мы й не зважаем на ваш давер, мы «галоўную стаўку робім [не на вас, а на] КГБ па ўсёй вэртыкалі», то бок трымаем уладу сілай. Памятная заява Лукашэнкі яшчэ да прыходу да ўлады, калі ён падлабуньваўся да сілавікоў. Яшчэ адзін, між іншым, вялікі гістарычны пытальнік — як і хто яго да гэтай улады прывёў.
Інтэрпрэтацыі маюць сваю дынаміку. Ужо мала таго, каб напусьціць туману, ужо ідзе мадэляваньне таго, каб паставіць тэракт сабе на службу. У прыватнасьці, у «Крокусе» шукаецца «ўкраінскі сьлед». Чыняцца катаваньні выканаўцаў — рэальных ці падстаўных, ужо не істотна — каб сказалі пра грошы, якія ім абяцалі ў Кіеве... Факты? Тут старая савецкая школа: прызнальныя паказаньні замест фактаў.
Ці магчыма такое ў тым жа Кіеве, Вільні, Варшаве ці дзе яшчэ ў цывілізаваным сьвеце, каб улады на камэру адразалі вушы і падлучалі ток да геніталіяў і выдавалі гэта за цалкам законны допыт падазраванага?.. Ператварэньне тэракту як адасобленага злачынства ў інструмэнт уласнай палітыкі ўрэшце прыводзіць да нівэляваньня тэрору як такога. Складаюцца «сьпісы тэрарыстаў», дзе мы знаходзім многіх сваіх сяброў і калег, якіх ведаем як прыстойных, бяскрыўдных людзей, якія шчыра любяць сваю краіну. З другога боку, з гэтага вынікае ператварэньне сыстэмы правааховы ў тэрарыстычны рэжым, які татальна садзіць у турмы, катуе і забівае ні ў чым не вінаватых людзей.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.