Як паведамляе выданьне «Бюро», гэтыя, які і многія іншыя падсанкцыйныя слодычы, пастаўляе ў Беларусь кампанія Сяргея Цяцерына — бізнэсоўца, набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі.
Раней расьсьледавальнікі расказвалі на прыкладзе шакалядак Ritter Sport пра тое, як Сяргей Цяцерын атрымаў манаполію на пастаўку слодычаў у Беларусь. Пасьля ўвядзеньня санкцый ЭЗ Лукашэнка ў якасьці меры ў адказ забараніў увозіць у Беларусь прадукты харчаваньня зь «недружалюбных краінаў». У сьнежні 2023 году ўрад Беларусі працягнуў гэтую забарону да канца 2024 году.
Аднак для бізнэсу Цяцерына зрабілі выключэньне. Для паставак «санкцыёнкі» прадпрымальнік выкарыстоўвае «Лягістычную кампанію Ўсход». Кампанія запісаная на Аляксея Мацьвеева — супрацоўніка кампаніі Цяцерына «БелГлобалСтарт». Сам Цяцерын з 2021 году знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ як «кашалёк» Лукашэнкі.
Выручка «Лягістычнай кампаніі Ўсход» у 2023 годзе склала 158 мільёнаў рублёў. Чысты прыбытак — 8 мільёнаў рублёў. Паводле дадзеных дэклярацый аб адпаведнасьці мытнаму рэглямэнту ЭАЭС, кампанія займаецца пераважна пастаўкамі розных слодычаў: шакаляду, вафляў, цукерак, печыва і іншага.