Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі трэнэр Хацкевіч пакінуў польскі клюб пасьля нападу фанатаў


Аляксандар Хацкевіч, архіўнае фота
Аляксандар Хацкевіч, архіўнае фота

Разам зь ім звольніўся іншы беларус, Міхаіл Залеўскі.

Беларускія спэцыялісты Аляксандар Хацкевіч і Міхаіл Залеўскі пакінулі польскі футбольны клюб Zagłębia Sosnowiec, кантракты скасаваныя пры згодзе бакоў, паведаміла выданьне «Трыбуна».

Беларусы ўладкаваліся клюб у студзені. Хацкевіч займаў пасаду галоўнага трэнэра, Залеўскі — спартовага дырэктара.

Трэцяга красавіка агрэсіўна настроеныя фанаты «Заглембе» ўварваліся на трэніроўку клюбу і напалі на трэнэра Аляксандра Хацкевіча. Як паведаміў польскі спартовы партал Meczyki.pl, Хацкевічу нанесьлі ўдар у твар і яшчэ некалькі ўдараў нагамі. «Заглембе» займае апошняе месца ў другім дывізіёне чэмпіянату Польшчы. Свой апошні матч гэтая каманда прайграла зь лікам 0:4.

Хто такія Аляксандар Хацкевіч і Міхаіл Залеўскі

Аляксандар Хацкевіч пачынаў кар’еру ў менскім «Дынама», адкуль у 1996 годзе перайшоў у кіеўскае «Дынама», у якім гуляў да 2004 году, заваяваўшы ў складзе клюбу шмат трафэяў: сем разоў станавіўся чэмпіёнам Украіны і чатыры разы — уладальнікам Кубка Ўкраіны. Затым нядоўгі час выступаў за кітайскі «Цяньцзінь Тэда» і латвійскі клюб «Вента». Завяршаў кар’еру ў родным менскім «Дынама».

Трэнэрскую карʼеру пачаў у 2007 годзе ў якасьці трэнэра «Дынама» (Менск), потым узначальваў юнацкую зборную Беларусі U-18 і ФК «Віцебск». З 1 лютага 2010-га да красавіка 2011 года працаваў асыстэнтам галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Украіны. У сьнежні 2010-га ўзначаліў моладзевую каманду кіеўскага «Дынама», а ўлетку 2013-га — «Дынама-2». 4 сьнежня 2014 году быў прызначаны галоўным трэнэрам нацыянальнай зборнай Беларусі, якую ўзначальваў да 6 сьнежня 2016 году.

Пасьля пачатку вайны, якую Хацкевіч застаў у Кіеве, ён неаднаразова выказваўся ў падтрымку Ўкраіны і асуджаў маўчаньне вядомых беларускіх спартоўцаў.

Міхаіл Залеўскі працаваў на пасадах намесьніка старшыні праўленьня ААТ «БНБ-Банк», гендырэктара ФК «БАТЭ Барысаў», адкуль звольніўся ў верасьні 2020-га на знак пратэсту. Пасьля супрацоўнічаў з БФСС у сфэры футболу, а таксама ў пытаньнях допуску беларускіх вольных спартоўцаў, дзяцей і аматараў да спаборніцтваў. Зьяўляецца чальцом Спэцыяльнай камісіі ў пытаньнях допуску грамадзян Беларусі і Расеі да спаборніцтваў на тэрыторыі Польшчы, створанай на рашэньне міністра спорту і турызму Польшчы.

У 2020 годзе ён апублікаваў у інстаграме відэа, як выкідае сваю афіцэрскую форму, пратэстуючы супраць гвалту сілавікоў.

У верасьні 2023 году Залеўскі стаў намесьнікам Паўла Латушкі ў Абʼяднаным пераходным кабінэце, ён адказвае за пытаньні санкцыйнай палітыкі ў спорце і ўдзелу беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG