Як паведамляе тэлеграм-канал Абʼяднанага пераходнага кабінэту, Міхаіл Залеўскі будзе адказваць за пытаньні санкцыйнай палітыкі ў спорце і ўдзелу беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах, ягонае прызначэньне дазволіць дамагчыся «прыцягненьня да адказнасьці асобаў, якія ўдзельнічаюць у парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі, праз прымяненьне кампэтэнтнымі міжнароднымі арганізацыямі дысцыплінарнай адказнасьці».
Раней Міхаіл Залеўскі працаваў на пасадах намесьніка старшыні праўленьня ААТ «БНБ-Банк», гендырэктара ФК «БАТЭ Барысаў», адкуль звольніўся ў верасьні 2020-га на знак пратэсту. Пасьля супрацоўнічаў з БФСС у сфэры футболу, а таксама ў пытаньнях допуску беларускіх вольных спартоўцаў, дзяцей і аматараў да спаборніцтваў. Зьяўляецца чальцом Спэцыяльнай камісіі ў пытаньнях допуску грамадзян Беларусі і Расеі да спаборніцтваў на тэрыторыі Польшчы, створанай на рашэньне міністра спорту і турызму Польшчы.
У 2020 годзе ён апублікаваў у інстаграме відэа, як выкідае сваю афіцэрскую форму, пратэстуючы супраць гвалту сілавікоў.