Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дастаўка грузаў з Расеі ў Беларусь падаражэла да 30%, а тэрміны чаканьня пасылкі павялічыліся ўдвая


Пасьля таго, як у канцы мінулага году ў Беларусі ўвялі абавязковыя праверкі адпраўленьняў для фізычных асоб, многія транспартныя кампаніі сталі адмаўляцца ад прыёму такіх грузаў для перавозкі паміж Расеяй і Беларусьсю, піша «Зеркало» са спасылкай на транспартны партал Trans. ru.

Тэрмін транспартаваньня такіх тавараў цяпер павялічыўся ў два разы, а кошт паслуг вырас на 30%.

З 28 сьнежня 2023 году ў Беларусі набыў моц указ №297, накіраваны на перадухіленьне ўвозу ў краіну забароненых адпраўленьняў, у тым ліку бесьпілётных лятальных апаратаў. У рамках гэтага ўказу ўведзены абавязковыя кантрольныя праверкі адпраўленьняў фізычных асоб з Расеі і краін ЭАЭС.

«Цяпер кампанія ня можа выдаць грузы фізычных асоб без атрыманьня дакумэнтаў аб пройдзеным надглядзе. Перавозчыкі зборных грузаў вымушаныя спачатку дастаўляць іх на склад для выгрузкі камэрцыйных партый, а затым паўторна адпраўляць машыну з грузамі фізычных асоб на надгляд», — тлумачыць кіраўнік Асацыяцыі аўтамабільных грузаперавозьнікаў і экспэдытараў Вадзім Філатаў.

У выніку, паводле яго, за студзень–сакавік 2024 году сярэдні тэрмін дастаўкі грузаў для асабістага карыстаньня з Расеі ў Беларусь вырас удвая. Калі раней, напрыклад, перавозка па маршруце Масква — Менск не перавышала двух дзён, то цяпер яна расьцягваецца да чатырох дзён.

Надгляд адпраўленьняў праводзіцца толькі на шасьці пляцоўках — у Менску, Магілёве, Гомлі і Віцебску. Таму штораз перавозчыкі вымушаны дадаткова праяжджаць ад 10 да 70 км да месцаў правядзеньня кантрольных праверак.

Як вынік, з прычыны росту выдаткаў на паліва, транспартныя і складзкія апэрацыі, за студзень–сакавік 2024 году кошт дастаўкі адпраўленьняў для асабістага карыстаньня з Расеі ў Беларусь у залежнасьці ад вагі і габарытаў пасылак павялічыўся на 10-30% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.

З прычыны павелічэння тэрмінаў і кошту перавозкі шэраг транспартных кампаній зусім адмаўляюцца прымаць адпраўленьні для фізычных асоб, а астатнія значна павялічылі тарыфы.

  • З 1 красавіка ў Беларусі зьнізіліся ліміты на пасылкі з-за мяжы і ўвезеныя наземным транспартам тавары. З 00:00 1 красавіка 2024 году нормы бязмытнага ўвозу тавараў для асабістага карыстаньня наступныя:
  • Увоз наземным транспартам: на суму 500 эўра і вагой у 25 кг.
  • Міжнародныя паштовыя адпраўленьні і перавозчыкі на адрас фізычных асоб: 200 эўра і 31 кг.
  • Паветраны транспарт: 10 000 эўра і 50 кг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG