Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Любога побач зь Ціханоўскай будуць крытыкаваць». Юрыст НАУ камэнтуе стасункі палітыкаў зь бізнэсам


Каляж: Міхаіл Кірылюк, праўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня»
Каляж: Міхаіл Кірылюк, праўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня»

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў пра свой гадзіньнік, які ацанілі ў 5 тысяч даляраў. Паводле Вячоркі, гэты гадзіньнік яму даўно падарыў беларускі бізнэсовец, калі яшчэ ўвогуле не існавала офісу Ціханоўскай, і гэта ніяк не зьвязана з лабіяваньнем інтарэсаў. Якія стасункі цяпер дапушчальныя паміж дэмакратычнымі палітыкамі і бізнэсам? Пра гэта разважае праўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Міхаіл Кірылюк.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

Фрагмэнты гутаркі.

  • Мы можам патрабаваць усё што заўгодна і ў каго заўгодна. Але пытаньне, на якой падставе чалавек павінен даваць нам справаздачу.
  • Згодна з заканадаўствам Беларусі, справаздачу аб даходах павінны даваць чыноўнікі. Але, на жаль, прававая сыстэма Беларусі такая, што, паводле статыстыкі, найбольшы хабар нібыта атрымліваюць настаўнікі і лекары. Зразумела, што гэта ня так.
  • Згодна з заканадаўствам Польшчы, калі чалавек атрымлівае грошы ад нейкіх донараў, ён за іх дае донарам справаздачу — публічную ці непублічную. Пакуль донар не напісаў заявы ў паліцыю, што вы нешта скралі, няма падставы казаць, што нехта карумпаваўся.
  • Тут яшчэ можна гаварыць пра пачуцьцё такту, якое ня трэба блытаць з праўнымі аспэктамі. Я зараз не гавару пра канкрэтныя пэрсаналіі, але калі нейкі палітык зьбірае на дапамогу, напрыклад, беларускім ваярам, а пры гэтым нейкая ягоная рэч каштуе як гэты збор, дык у ягоных прыхільнікаў і апанэнтаў будуць пытаньні.
  • Я б хацеў, каб мы адыходзілі ад патэрналісцкай сыстэмы. Каб мы казалі: «Ня ты нам даў, а мы табе далі грошы, заробкі, пасаду, таму дай нам справаздачу». Гэта моцная грамадзянская пазыцыя.
  • Я, пэўна, сапсаваны працай як камэрцыйны праўнік, бо ў гэтай сфэры гадзіньнік за 5 тысяч даляраў не зьдзіўляе. У мяне былі кліенты, якія валодалі нерухомасьцю на некалькі тысяч квадратных мэтраў і пры гэтым езьдзілі на таннай машыне, а былі тыя, якія залазілі ў пазыкі і пры гэтым насілі гадзіньнікі за 10–15 тысяч даляраў. І такіх беларускіх бізнэсоўцаў не дзясяткі і ня сотні — іх тысячы.
  • Мне падаецца вельмі добрым крокам, што зараз гэты гадзіньнік будзе выстаўлены на дабрачынны аўкцыён. Гэта прыгожы крок.
  • Калі я прыехаў у Польшчу, у мяне пагоршыліся заробкі і мой матэрыяльны стан. І адзін з маіх сяброў мне перакінуў на рахунак каля тысячы даляраў. А калі я прапанаваў яму вярнуць, ён адмовіўся. Але ён ніколі не прасіў мяне нешта лабіяваць. Тут важна, ці даваліся нейкія абяцаньні ўплыву. Гэта пытаньне даверу.
  • Я спачуваю Франку, бо які заўгодна чалавек, што будзе цяпер побач са Сьвятланай Ціханоўскай, будзе пад максымальным агнём крытыкі. Бо ў людзей будзе думка, што Сьвятлана нявопытная і ёю карыстаюцца хітрыя палітыканы. Ва ўсіх яе непазьбежных няўдалых кроках, якія ёсьць у любога палітыка, будуць вінаваціць бліжэйшага дарадцу.
  • Мы, беларусы, можам запытаць сябе, ці было б лепш, каб заўтра Франак Вячорка сказаў: «Ды ну вас з вашай крытыкай, я сыходжу». Ці выйграем мы ўсе ад гэтага кроку?
  • Межы празрыстасьці павінны быць у праве. У законе звычайна запісана, ад якога памеру табе трэба дэкляраваць падарунак — ад каго атрымаў, якім чынам? У Беларусі таксама трэба будзе рабіць такое заканадаўства. Бо калі ў нас наступіць магчымасьць для дэмакратызацыі краіны, думаю, што ў нас вырасьце карупцыя — можна паглядзець на прыклады Ўкраіны і Малдовы.
  • Беларускаму бізнэсу варта наладжваць адносіны зь беларускімі палітыкамі. У маім ідэальным сьвеце палітыкі наўзамен могуць прапанаваць пабудову прававой дзяржавы. Бо бізнэсоўцам выгадней працаваць у прававой дзяржаве, калі законы вызначаюць дзейнасьць не на 6 месяцаў, а на 60 гадоў наперад.
  • Калі мы хочам, каб нашыя палітыкі былі празрыстыя, нам выгадна, каб яны атрымлівалі грошы зь нейкіх крыніц, якія мы кантралюем. У нармальнай краіне гэта падаткі. У сытуацыі эміграцыі адзін з альтэрнатыўных варыянтаў існуе ў Польшчы — ты плаціш 1,5% альбо на дзяржаўную інстытуцыю, альбо можаш выбраць недзяржаўную арганізацыю. Я пляную выбраць нейкую беларускую ініцыятыву, куды я перавяду свае 1,5% падаткаў.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG