Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палку імя Каліноўскага перадалі дроны ад беларускай дыяспары


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Дэлегацыя валянтэраў зь Фінляндыі наведала штаб палка імя Кастуся Каліноўскага і перадала дроны ад беларускай дыяспары.

Дапамаглі ў дастаўцы тэхнікі Офіс Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінэт, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

«Дапамога добраахвотнікам ва Ўкраіне цяпер актыўна абмяркоўваецца ў беларускіх дыяспарах. Праект „Народны дрон“ быў прэзэнтаваны ў рамках Канфэрэнцыі беларусаў сьвету ў Празе. Шмат сустрэчаў па гэтай тэме прайшло ў закрытым фармаце ў межах „эўратуру“ прадстаўнікоў палка імя Каліноўскага. І толькі на абмеркаваньні справа не заканчваецца: як мы бачым, дроны ўжо сёньня перадалі палку і гэтая праца будзе працягвацца», — сказаў кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Ўкраіне Генадзь Манько, які каардынаваў працэс, падчас сустрэчы ў штабе палка.

Агулам падчас візыту даставілі больш за 150 дронаў. Акрамя палка імя Каліноўскага, іх перадалі ў такія падразьдзяленьні, як 3-я штурмавая брыгада (тактычнае злучэньне Сухапутных войскаў Украіны), украінскі батальён «Кракен», полк «Азоў» і іншыя.

Полк Каліноўскага — аб'яднаньне беларускіх добраахвотнікаў, якое ўзьнікла ва Ўкраіне (спачатку ў выглядзе батальёна) 9 сакавіка 2022 году, неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнай ўзброенай аргэсіі Расеі супраць Украіны. За гэты час аб'яднаньне прайшло шлях ад невялікай групы пры тэрытарыяльнай абароне «Азоў» да найбуйнейшага нацыянальнага падразьдзелу іншаземцаў у складзе Ўзброеных сіл Украіны.

Ад моманту стварэньня байцы палка Каліноўскага прымалі ўдзел у баях на самых гарачых участках фронту — за Кіеў, Мікалаеў, Лісічанск, Севераданецк, Запарожжа, Бахмут, Кляшчэеўку, Купʼянск і іншыя ўкраінскія гарады і мястэчкі. У баях загінулі ўжо каля двух дзясяткаў добраахвотнікаў палка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG