ISW адзначае, што апошнія расейскія ракеты трапілі ў гідраэлектрастанцыі ў Чаркаскай і Чарнавіцкай абласьцях, што пацьвердзіў і сам прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі. У сваю чаргу энэргетычная кампанія «Укрэнэрга» паведаміла, што ў выніку авіяўдараў пацярпелі электрастанцыі і цеплаэлектрастанцыі ў цэнтральнай і заходняй раёнах краіны.
На думку экспэртаў Інстытута, новыя цэлі азначаюць «значную эскаляцыю» атак. Расейцы пакуль так сыстэматычна не абстрэльвалі гідраэлектрастанцыі і плаціны – нагадвае ISW. Цяпер пуцінская армія, верагодна, хоча «аслабіць абарончую інфраструктуру» Украіны, карыстаючыся тым, што ўкраінцы адчуваюць дэфіцыт зэнітных ракет.
Галоўнакамандуючы Ўкраіны генэрал Аляксандар Сырскі падкрэсьліў, што дэфіцыт тэхнікі ў выніку затрымкі дапамогі Захаду ў галіне бясьпекі абмяжоўвае ўкраінскія сілы і прымушае яго краіну весьці стратэгічную абарону.
«ЗША і эўрапейскія саюзьнікі па-ранейшаму не жадаюць прадастаўляць Украіне абсталяваньне асаблівага апэратыўнага значэньня», – піша ISW. Прычына – «асьцярогі эскаляцыі або адплаты» з боку Масквы. Аналітычны цэнтар таксама нагадвае, што папярэднія ваганьні Захаду не спынілі Пуціна ад эскаляцыі вайны.
«Занепакоенасьць эскаляцыяй або мерамі ў адказ на пастаўкі зброі ва Украіну не павінна быць вырашальнай для ЗША і іншых заходніх краін», – сьцьвярджае ISW.