Улады Нямеччыны ўхвалілі істотныя зьмены ў заканадаўстве, якія значна аблегчаць жыцьцё ў гэтай краіне мігрантам, у тым ліку і беларускім. Дакумэнт апублікаваны ў Бюлетэні фэдэральных законаў, паведаміў прадстаўнік «Народнай амбасады Беларусі» ў Нямеччыне Міхаіл Таўбэ.
Як гаворыцца ў паведамленьні, з 26 чэрвеня 2024 году набудуць моц зьмены ў закон аб нямецкім грамадзянстве, якія прынясуць беларусам дзьве ключавыя навіны:
- магчымасьць захаваньня беларускага грамадзянства пры атрыманьні нямецкага;
- адмену неабходнасьці звароту да Лукашэнкі з просьбай аб адмове ад беларускага грамадзянства.
Паводле Міхаіла Таўбэ, гэта спрашчае працэс інтэграцыі, дае беларусам шанец на набыцьцё двайнога грамадзянства і прыбірае «маральны і псыхалягічны бар’ер для многіх, хто лічыць непрымальным зварот да цяперашняга самаабвешчанага прэзыдэнта Беларусі».
Раней у МУС Нямеччыны заявілі, што калі грамадзяне Беларусі, якія законна пражываюць у Нямеччыне, з прычыны палітычнага перасьледу ня могуць вярнуцца на радзіму для афармленьня пашпарта, яны могуць прэтэндаваць на атрыманьне ў ФРГ праязнога дакумэнта для іншаземцаў.