Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея нанесла масіраваны ракетны ўдар па энэргааб’ектах Украіны. ФОТА

абноўлена

На зьездзе з Дняпроўскай ГЭС пасля расейскіх нападаў 22 сакавіка згарэў тралейбус
На зьездзе з Дняпроўскай ГЭС пасля расейскіх нападаў 22 сакавіка згарэў тралейбус

Расейскія войскі ў ноч на 22 сакавіка атакавалі Ўкраіну. Паветраныя сілы Ўкраіны паведамлялі пра пускі ўдарных дронаў «Шагед», аэрабалістычных ракет Х-47М2 «Кінжал» і крылатых ракет, піша «Настоящее время».

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 22 сакавіка Расея атакавала Ўкраіну 88 ракетамі і 63 баявымі дронамі. Сродкі супрацьпаветранай абароны змаглі зьбіць 37 ракет і 55 дронаў.

Расея атакавала 125 населеных пунктаў і 150 аб’ектаў інфраструктуры. Вядома аб сама меней 5 загінулых і 14 параненых. Некалькі людзей зьніклі бязь зьвестак.

Харкаўская вобласьць

Больш за 15 удараў было нанесена па аб’ектах энэргетыкі Харкава, горад фактычна цалкам абясточаны, усе экстраныя службы працуюць, паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Паводле зьвестак мэра Харкава Ігара Церахава, на месцах некаторых прылётаў пачаліся пажары. Праз адсутнасьць сьвятла на помпавых падстанцыях у горадзе пачаліся праблемы з водазабесьпячэньнем, дадаў ён.

Наступствы ўдару па Харкаву
Наступствы ўдару па Харкаву

Запароская вобласьць

Па Запарожжы нанесьлі 12 ракетных удараў, напісаў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік абласной адміністрацыі Іван Фёдараў. Паводле папярэдніх зьвестак, разбурана 7 дамоў, яшчэ 35 пашкоджана. Колькасьць пацярпелых удакладняюць.

Наступствы ўдару па Запарожжы
Наступствы ўдару па Запарожжы

Зьявіліся таксама паведамленьні пра атаку на ДнепраГЭС. Дарадца мэра Марыюпаля Пятро Андрушчанка заявіў, што «расейская ракета пацэліла ў тралейбус, які рухаўся праз дамбу. У тралейбусе былі людзі».

Украінскі «Энэргаатам» заявіў пра адключэньне вонкавай паветранай лініі ВЛ-750кВ «Дняпроўская» ў выніку абстрэлу (яна злучае акупаваную Запароскую АЭС і энэргасыстэму Ўкраіны). Цяпер АЭС злучаная з украінскай энэргасыстэмай толькі лініяй электраперадачы ВЛ-330кВ Запароская ТЭС — Ферасплаўная, адзначылі ў кампаніі.

«На жаль, пацэльваньне ёсьць і па найбуйнейшай ГЭС Украіны — ДнепраГЭС у Запарожжы», — пацьвердзілі ва Укргідраэнэрга. На станцыі пачаўся пажар, аднак пагрозы прарыву няма, паведамілі ў кампаніі.

«Такая сытуацыя вельмі небясьпечная і пагражае аварыйнай сытуацыяй. Калі адключыцца апошняя лінія сувязі з украінскай энэргасеткай, Запароская АЭС апынецца ў чарговым блэкаўце, што зьяўляецца цяжкім парушэньнем умоваў бясьпечнай эксплюатацыі станцыі», — адзначыў кіраўнік «Энэргаатаму» Пятро Коцін.

Днепрапятроўская вобласьць

У Крывым Рогу атакавалі абʼекты крытычнай інфраструктуры.

«Уведзены графікі аварыйных адключэньняў. Лякарні і іншыя абʼекты інфраструктуры, дзе гэта магчыма, пераходзяць на генэратары», — паведаміў старшыня рады абароны гораду Аляксандар Вілкул.

Паводле яго, гэта была камбінаваная атака ракетамі і «Шагедамі».

Хмяльніцкая вобласьць

Мэр горада Хмяльніцкі Аляксандар Сімчышын таксама паведаміў пра пашкоджаньні абʼектаў інфраструктуры і жылых дамоў. Паводле яго, ёсьць загінулыя і пацярпелыя сярод цывільных.

Львоўская вобласьць

У Стрыйскім раёне бесьпілётнік пацэліў у абʼект энэргетычнай інфраструктуры, у выніку чаго пачаўся пажар. Інфармацыі пра пацярпелых пакуль няма, напісаў кіраўнік Львоўскай абласной адміністрацыі Максім Казіцкі.

Кіраваградзкая вобласьць

У Крапіўніцкім зьнікла электрычнасьць у шэрагу мікрараёнаў, паведаміла агенцтва УНІАН. У некаторых населеных пунктах электразабесьпячэньне адключылася аварыйна.

«Укренерго»: атака на энэргасыстэму Ўкраіны — найбуйнейшая за ўвесь час вайны

Сёньняшняя атака на энэргасыстэму Ўкраіны — найбуйнейшая за ўвесь час вайны, заявіў кіраўнік «Укренерго» Уладзімір Кудрыцкі. Паводле яго, удары наносіліся па цеплавых і гідраэлектрастанцыях, а таксама па магістральных падстанцыях, якія кіруюцца «Укренерго».

Абмежаваньне электразабесьпячэньня ўвялі ў розных рэгіёнах Украіны, пераважна на левым беразе Дняпра, але гэта «кантраляваныя абмежаваньні», адзначыў Кудрыцкі. Паводле яго, пашкоджаньні энэргетычных аб’ектаў ёсьць ва многіх рэгіёнах, найбольшы маштаб пашкоджаньняў — у Харкаве (горад амаль цалкам застаўся безь сьвятла).

Таксама ён асобна пракамэнтаваў сытуацыю на ДнепраГЭС: «Пакуль няма ніякіх рызык прарыву дамбы, статус пашкоджаньняў удакладняецца і будзе канчаткова зразумелы празь некалькі гадзін».

Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў, што Расея ажыцьцявіла самую маштабную атаку на ўкраінскую энэргасыстэму за апошні час.

«Мэта ня проста пашкодзіць, а паспрабаваць зноў, як і летась, выклікаць маштабны збой у рабоце энэргасыстэмы краіны. На жаль, ёсьць пападаньні і пашкоджаньні абʼектаў генэрацыі, сыстэмы перадачы і разьмеркаваньня электраэнэргіі ў розных галінах», — адзначыў ён.

У Расеі абстрэлы назвалі «актамі адплаты»

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што цягам 16-22 сакавіка ў адказ на абстрэлы расейскай тэрыторыі і спробы захапіць расейскія памежныя населеныя пункты, нанесьлі «49 удараў адплаты высокадакладнай зброяй вялікай далёкасьці паветранага базаваньня», у тым ліку аэрабалістычнымі і гіпэргукавымі ракетамі «Кінжал», ракетнымі комплексамі і бесьпілётнікамі.

Расейцы сьцьвярджаюць, што пацэлілі ў «цэнтры ўхваленьня рашэньняў Узброеных сіл Украіны, аб’екты аэрадромнай інфраструктуры, цэхі па рамонце ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі, склады захоўваньня дронаў і безэкіпажных катэраў, у базы матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, а таксама пункты часовай дысьлякацыі падразьдзелаў сіл спэцыяльных апэрацый і іншаземных наймітаў».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG