Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога журналіста-фрылансэра Андрэя Толчына асудзілі на 2,5 года калёніі


Відэаапэратар Андрэй Толчын
Відэаапэратар Андрэй Толчын

Гомельскі абласны суд 21 сакавіка вынес вырак па крымінальнай справе супраць былога журналіста-фрылансэра Андрэя Толчына.

Судзьдзя Дзьмітры Казлоў пакараў яго 2 гадамі і 6 месяцамі калёніі па двух артыкулах: «Паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі», «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Андрэю Толчыну 64 гады, ён пакутуе на шэраг хранічных захворваньняў. Да 2020 году супрацоўнічаў зь незалежнымі СМІ Беларусі.

Быў затрыманы 27 верасьня 2023 году і з таго часу знаходзіўся ў гомельскім СІЗА. Як стала вядома Свабодзе, ягоны стан здароўя моцна пагоршыўся.

Андрэй Толчын даглядаў хворую сястру, якая памерла прыкладна за тыдзень-два да ягонага затрыманьня. Пракурор прасіў для яго 3 гады калёніі.

Судовы працэс над відэаапэратарам-фрылансэрам Андрэем Толчыным пачаўся 5 сакавіка ў Гомельскім абласным судзе.

Толчына затрымалі 23 верасьня 2023 году. На наступны дзень пасьля затрыманьня ў кватэры, дзе ён жыў з жонкай, правялі ператрус. Сьледчыя забралі кампутарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты.

Паводле БАЖ, за кратамі цяпер 34 прадстаўнікі беларускіх СМІ.

Хто такі Андрэй Толчын

Андрэй Толчын у дэмакратычным асяродку Гомля стаў прыкметнай асобай яшчэ ў 90-х гадах, калі Беларусь здабывала незалежнасьць. Працаваў тады наладчыкам апаратуры на радыёзаводзе «Прамень».

Удзельнічаў у незалежным прафсаюзным руху, які выступаў за абарону правоў рабочых.

На дэмакратычнай аснове быў абраны дэпутатам Гомельскага гарадзкога савету 21-га скліканьня — гэта акурат той савет, адзін з двух у Беларусі, які ў жніўні 1991 году адкрыта выступіў супраць камуністычнага дзяржаўнага перавароту ў Маскве і вітаў абвяшчэньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

У гарадзкім савеце Андрэй уваходзіў у камісію сувязяў з грамадзкасьцю і СМІ. Быў сябрам зьліквідаванай цяпер уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, працяглы час ачольваў гарадзкую арганізацыю гэтай партыі. Апекаваўся дзейнасьцю дэмакратычных дабрачынных фондаў. Зьведаў таксама і беспрацоўе.

Пасьля выбараў 2010 году Толчын у якасьці відэаапэратара-фрылансэра супрацоўнічаў зь незалежнымі мэдыярэсурсамі. За журналісцкую працу Андрэя Толчына шмат разоў штрафавалі і адпраўлялі за краты на падставе адміністрацыйных пратаколаў, якія складала міліцыя, бо ў відэаапэратара-фрылансэра не было акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных справаў.

У 2020 годзе Толчына затрымлівалі разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асьвятленьне пратэстаў, афіцыйна — нібыта за ўдзел у масавых беспарадках.

Таксама журналіста затрымлівалі ў 2021 годзе каля гомельскага СІЗА-3, дзе ён здымаў сваякоў палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, якіх разам зь іншымі абвінавачанымі 24 чэрвеня пачалі судзіць у памяшканьні ізалятара. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, палітвязьняў абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні звады і перашкодзе дзейнасьці ЦВК. Тады Толчын запісваў і камэнтар аднаго з дыпляматаў Эўразьвязу, што прыехалі ў Гомель на суд. Усе відэазапісы ў фрылансэра забрала міліцыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG