Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Музычнага тэатру за песьню «Перемен!» зьбіраюцца звальняць дырэктара


Сяргей Пукіта
Сяргей Пукіта

На мінулым тыдні расейскі аркестар у Музычным тэатры ў Менску зайграў кампазыцыю «Перемен!» гурту «Кино», уся заля падпявала.

Выглядае, што за гэта можа страціць пасаду дырэктар тэатру Сяргей Пукіта, даведалася «Люстэрка».

Згодна з афішай Музычнага тэатру, 16 сакавіка там выступаў сымфанічны аркестар Варонескай канцэртнай залі з праграмай «Анталёгія расейскага року». У рэпэртуары аркестру якраз ёсьць гэтая кампазыцыя вядомага савецкага гурту «Кино».

Цяпер за гэтае «крамольнае» выкананьне хочуць звольніць дырэктара тэатра Сяргея Пукіту. Паводле інфармацыі крыніцы выданьня, 21 сакавіка ў яго апошні працоўны дзень.

Работнікі тэатру зьбіраюцца пісаць калектыўны зварот з просьбай пакінуць цяперашняга кіраўніка на пасадзе, яны «ў цэлым характарызуюць яго як разумнага, сумленнага чалавека».

Журналістцы ў прыёмнай дырэктара адказалі, што Пукіта на месцы, але заняты, а пытаньне, ці сапраўды яго зьбіраюцца звальняць, камэнтаваць адмовіліся. А вось ва ўпраўленьні культуры Менгарвыканкаму сказалі больш:

«Мы ў курсе гэтай праблемы. Кіраўніцтва гораду вырашае, як быць у гэтай сытуацыі. Цяпер пакуль яшчэ нічога не магу сказаць, але так, сапраўды, інцыдэнт быў. Як ён вырашыцца, пакуль не магу сказаць, — цяпер ідзе разгляд гэтага пытаньня. Ну, бачыце, адбылося так, як адбылося. Дзякуй вам за вашы перажываньні», — адказала супрацоўніца ўпраўленьня і дадала, што ня ведае, калі прымуць рашэньне.

Сяргей Пукіта ўзначальвае Музычны тэатар з 2019 году. Ён нарадзіўся ў 1978-м, у 1998-м скончыў Магілёўскую вучэльню культуры, у 2003-м — сталічны Ўнівэрсытэт культуры (майстэрня Мадэста Абрамава). З 2004 году працаваў у сталічным Моладзевым тэатры (з 2010-га быў намесьнікам дырэктара), а таксама актыўна здымаўся ў кіно, праўда, часьцей за ўсё ў эпізодах, але ў даволі вядомых фільмах: «Стиляги», «Каменская-5», «Государственная граница» і іншых.

Песьня «Перемен!» даўно не падабаецца ўладам, і яны за яе перасьледуюць. У 2020 годзе гэтая песьня Віктара Цоя стала адным зь неафіцыйных сымбаляў пратэстаў жніўня, калі гукарэжысэры Кірыл Галанаў і Ўлад Сакалоўскі («дыджэі перамен») уключылі яе 6 жніўня ля Кіеўскага сквэру ў Менску перад плянаваным, але забароненым пазьней мітынгу за Ціханоўскую. Пасьля «дыджэяў перамен» арыштавалі. Хлопцы пазьней зьехалі ў Літву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG