Вырак: 7,5 года калёніі і штраф.
Дырэктара будаўнічай кампаніі «Упраўленьне капітальнага будаўніцтва Захад» асудзілі за карупцыю пры будаўніцтве катэджаў для шматдзетных сем'яў у пасёлку Сокал, што пад Менскам, паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на прэс-службу суду Маскоўскага раёну Менску.
Яго абвінавачвалі ў тым, што ў 2019–2020 гадах, займаючы пасаду дырэктара УКБ «Захад», ён некалькі разоў атрымаў хабары на агульную суму сама меней 110 тысяч беларускіх рублёў ад прадстаўнікоў ТАА «Сталёвая сфэра».
Сваю віну ўжо былы дырэктар УКБ «Захад» прызнаў часткова. Суд палічыў зьмякчальнай акалічнасьцю тое, што ён выплаціў даход, атрыманы злачынным шляхам.
Дырэктара прызналі вінаватым на падставе ч. 3 арт. 430 («Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры») КК Беларусі і прысудзілі 7,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 160 тысяч рублёў. Прысуд вынесьлі 18 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Пакуль ён не набыў моцы і можа быць абскарджаны.
Пра завядзеньне крымінальнай справы супраць былога дырэктара УКБ «Захад» стала вядома ў кастрычніку 2022 году. Тады справу завялі за «злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі»: паводле матэрыялаў справы, кіраўніцтва УКБ у парушэньне парадку правядзеньня тэндэру выбрала генпадрадчыкам для катэджаў фірму, якая раней займалася толькі рамонтам офісаў; таксама на будаўніцтве не было належнага тэхнагляду. У выніку дамы былі пабудаваны няякасна, з мноствам недахопаў. Ведаючы пра дрэнную якасьць будаўніцтва, дырэктар УКБ у 2020–2021 гадах усё роўна прымаў і аплочваў работы.
Пазьней МУС Беларусі паведаміла, што дырэктара абвінавачваюць яшчэ і ў атрыманьні хабару — але тады ў МУС называлі суму ў 120 тысяч рублёў. У лютым 2023 году генпракурор Андрэй Швед паведамляў пра хабар у 110 тысяч рублёў.
Будаўніцтва дамоў для шматдзетных сем’яў, якія стаяць у чарзе на льготнае жыльлё, пачалося ў пасёлку Сокал пад Менскам некалькі гадоў таму. Цяпер у экспэрымэнтальным катэджным пасёлку ўзьведзена ўжо больш за 80 дамоў, іх прапануюць купіць ня толькі льготнікам, але і ўсім ахвочым. У 2022 годзе жыхары катэджаў скардзіліся СМІ на якасьць дамоў — «працяканьне» дахаў і іншыя праблемы. Паводле іх, праблему на ўзроўні забудоўніка ніяк не вырашалі. У выніку жыхары зьвярнуліся да Лукашэнкі.