Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўнага сьвятара зь Пінску адправілі служыць у паветрана-дэсантныя войскі


Арцемій Мігалевіч на здымку — у вайсковай форме
Арцемій Мігалевіч на здымку — у вайсковай форме

Клірыка праваслаўнага храма сьвятых Пятра і Фяўроньні ў Пінску ярэя Арцемія Мігалевіча адправілі служыць у войска ў той самы час, калі ў СМІ атрымала розгалас гісторыя з прызывам у войска каталіцкага сьвятара з Наваградку Дзьмітрыя Мальца, піша выданьне Katolik.life.

Як высьветлілася, першых сьвятароў сталі адпраўляць у войска яшчэ падчас вясновага прызыву ў 2023 годзе — калі прызвалі вікарыя каталіцкай парафіі ў Наваградку Дзьмітрыя Мальца (яго ў выніку камісавалі па стане здароўя), піша выданьне.

Цяпер з паведамленьня, апублікаванага пінскім прыходам, стала вядома, што клірык храма ў гонар сьвятых Пятра і Фяўроньні ў Пінску Арцемій Мігалевіч «нясе тэрміновую вайсковую службу ўжо 10-ы месяц» — гэта значыць, яго адправілі ў войска ў траўні 2023 году. Ён служыць у паветрана-дэсантных войсках у вайсковай частцы № 92616 у Берасьці.

12 сакавіка група прадстаўнікоў 38-ай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, дзе служыць клірык, наведала пінскі храм, у адказ на ранейшы візыт у 38-ю брыгаду клірыкаў храма.

  • У траўні 2023 году стала вядома, што каталіцкага ксяндза з Наваградка Дзьмітрыя Мальца прызываюць на вайсковую службу. Ён прыбыў у камісарыят, але ў выніку не прайшоў мэдычнага абсьледаваньня, таму забіраць яго ў войска ня сталі. Той выпадак атрымаў вялікі розгалас у СМІ.
  • Інфармацыя пра рашэньне ўладаў пачаць прызываць на тэрміновую службу сьвятароў зьявілася ў траўні 2023 году, аднак меркавалася, што яны будуць праходзіць вайсковую службу ў транспартных войсках.
  • Як тлумачыў раней каталіцкі дзеяч Арцём Ткачук, хаця заканадаўча сьвятары не былі вызваленыя ад прызыву ў войска, раней на практыцы маладыя сьвятары заўжды атрымлівалі адтэрміноўку. Яшчэ з 90-х гадоў існаваў мэханізм, паводле якога рэгулявалася пытаньне прызыву маладых клірыкаў і сьвятароў у войска. Двойчы на год біскупы рыхтавалі адмысловы сьпіс клірыкаў і сьвятароў, якія падлягалі прызыву, і адпаведныя дзяржаўныя органы давалі ім адтэрміноўку.
  • Цяпер у Беларусі праходзіць новая прызыўная кампанія. Аб прызыве сьвятароў вясной 2024 году — як каталіцкіх, так і праваслаўных — публічнай інфармацыі пакуль няма. Не паведамлялі і пра тое, каб хто-небудзь з каталіцкіх сьвятароў цяпер праходзіў тэрміновую вайсковую службу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG