Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фінішу ў гэтай гісторыі яшчэ няма». Ксяндза з Наваградку яшчэ ня вызвалілі ад прызыву ў войска канчаткова


Сьвятар Дзьмітры Малец. Архіўнае фота
Сьвятар Дзьмітры Малец. Архіўнае фота

Каталіцкага сьвятара Дзьмітрыя Мальца, якога прызвалі на тэрміновую службу ў войска, могуць камісаваць па стане здароўя.

Пытаньне яшчэ да канца не вырашанае, сьвятар праходзіць мэдабсьледаваньне, у яго няма на руках дакумэнта, які вызваляе ад вайсковай службы, піша Sputnik Беларусь.

Першую позву з каісарыянту 26-гадовы ксёндз Дзьмітры Малец, які служыць памочнікам пробашча касьцёла сьвятога Міхала ў Наваградку, атрымаў у канцы красавіка, а другую — 22 траўня. Яго плянавалі прызваць у транспартныя войскі. Сьвятару 26 гадоў, у сярэдзіне чэрвеня споўніцца 27. У мінулыя гады ён таксама лічыўся вайсковаабавязаным, але яго вызвалялі ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу.

«Сёньня мяне ў войска не забралі, але фінішу ў гэтай гісторыі яшчэ няма. Падчас апошняй камісіі ў Горадні я паскардзіўся на здароўе, ціск. У ваенкамаце ведалі, што ў мяне ёсьць пытаньні са здароўем. Мяне накіравалі на абсьледаваньне. Я знаходжуся ў кардыядыспансэры ў Горадні, — паведаміў Малец Sputnik Беларусь.

Вікарый удакладніў, што пакуль не вядома, прыдатны ён па стане здароўя для тэрміновай службы ці не, — пасьля абсьледаваньня лекары паставяць дакладны дыягназ.

«Калі выснова лекараў пакажа, што я прыдатны і мяне выпішуць да 30 траўня, то мяне могуць забраць у войска. Калі абследаваньне будзе больш працяглым, а ў канцы траўня дыягназ ня будзе вядомы, то мяне ўжо не прызавуць, таму што скончыцца час вясновага прызыву, а потым, 18 чэрвеня, мне споўніцца 27 гадоў», — расказаў сьвятар.

Ён выказаў спадзяваньне, што гісторыя зь яго прызывам скончыцца і ён зможа прадоўжыць служэньне ў касьцёле.

«Мы і так служым Пану Богу, і тэрміновая служба не абавязковая для выратаваньня нашых душ», — сказаў Малец.

Паводле яго, ён адзіны ў Беларусі ксёндз прызыўнога ўзросту, які быў прызнаны годным для службы ў войску. У мінулыя гады Дзьмітры таксама атрымліваў позвы ў камісарыят і праходзіў мэдыцынскія камісіі, але штогод атрымліваў адтэрміноўку ад прызыву па ўказе Лукашэнкі. Сёлета такога ўказу не было.

У самім камісарыяце адмовіліся камэнтаваць выпадак з прызывам сьвятара на тэрміновую службу.

22 траўня стала вядома, што ксяндза Дзьмітрыя Мальца прызываюць на вайсковую службу. Аднак на наступны дзень зьявілася інфармацыя, што рашэньне нібыта адмянілі.

«Кс. Дзмітрыя, вікарыя ў Наваградка, ня возьмуць у армію. Хвала Езусу!», — напісаў у Фэйсбуку ў групе «Каталікі Беларусі» сьвятар Юры 23 траўня.

Напярэданьні зьявілася інфармацыя, што ксяндза Дзьмітрыя Мальца прызываюць на вайсковую службу.

Каталіцкі дзеяч Арцём Ткачук патлумачыў у пасьце ў Фэйсбуку, што хаця заканадаўча сьвятары не былі вызваленыя ад прызыву ў войска, раней на практыцы маладыя сьвятары атрымлівалі адтэрміноўку. Цяпер жа, паводле слоў Ткачука, выглядае, што сытуацыя зьмянілася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG