Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр расейскі спартовы камэнтатар Уткін. Ён пісаў пра пратэсты ў Беларусі: «Я ўражаны»


19 сакавіка ва ўзросьце 52 гадоў памёр знакаміты расейскі спартовы журналіст і камэнтатар Васілій Уткін. Першымі пра гэта паведамілі ў аматарскім футбольным клюбе «Эгрысі», якім ён валодаў.

Дакладная прычына сьмерці не вядомая. Паводле папярэдняй вэрсіі, агучанай у расейскіх СМІ, прычынай стала тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі. Уткіна экстрана шпіталізавалі 19 сакавіка, але выратаваць не змаглі.

Васілій Уткін — адзін са стваральнікаў расейскага спартовага тэлебачаньня. Ён працаваў на каналах НТВ і НТВ+, вёў праграмы і тэлекамэнтары на тэлеканале «Дождь», радыёстанцыі «Эхо Москвы», супрацоўнічаў зь іншымі расейскімі і ўкраінскімі каналамі.

Ён быў вядоўцам мітынгу за сумленныя выбары ў Маскве ў 2011 годзе. Падпісваў звароты ў падтрымку журналістаў і палітычных вязьняў. У 2018 годзе, пад ціскам Крамля, быў адхілены ад камэнтароў на чэмпіянаце сьвету па футболе ў Расеі.

У 2020-м Уткін падпісаў зварот супраць паправак у Канстытуцыю Расеі, якія пашырылі паўнамоцтвы прэзыдэнта Пуціна, дазволілі Маскве не выконваць рашэньні міжнародных арганізацый і назвалі Расею правапераемніцай Савецкага Саюзу.

У 2020 годзе Уткін выказаўся пра сытуацыю ў Беларусі:

«У сувязі з падзеямі ў Менску і ня толькі, якія я лічу вартым усялякага перайманьня прыкладам барацьбы людзей за сваю свабоду, я спыняю ўсякі тролінг на беларускую тэму. Я ўражаны», — напісаў ён тады ў чэрвені 2020 году ў сваім Твітэры.

Да гэтага Уткін ня раз зьедліва выказваўся пра беларускіх спартоўцаў. Напрыклад, зьвяртаўся да Віктара Ганчарэнкі, калі той быў трэнэрам ФК БАТЭ, словамі «бульбяная твая душа», называў яго «перабольшанай фігурай». Таксама Уткін абяцаў засьпяваць на беларускай мове, «калі хоць адзін беларус дакажа сваю вартасьць у чэмпіянаце Расеі» ў футболе.

Выказваўся камэнтатар і на больш сур’ёзныя тэмы, зьвязаныя зь Беларусьсю. Ён крытыкаваў рашэньне трансьляваць у Расеі футбольны чэмпіянат Беларусі, калі той не спынілі, нягледзячы на каранавірус. Уткін заяўляў, што такое рашэньне «пераканае вар’ятаў, якія яго праводзяць, што яны ўсё робяць слушна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG