З адмысловай заявы з нагоды 10-годзьдзя анэксіі Крыму Расеяй выступіла Міністэрства замежных спраў Турэччыны.
«Прайшло дзесяць гадоў з таго часу, як Расейская Фэдэрацыя анэксавала Аўтаномную Рэспубліку Крым ва Ўкраіне празь нелегітымны рэфэрэндум, які прайшоў 16 сакавіка 2014 году.
Мы працягнем уважліва сачыць за падзеямі ў Крыме, асабліва за сытуацыяй з крымска-татарскімі цюркамі, адной з асноўных складовых частак паўвострава, і будзем трымаць іх у цэнтры ўвагі нашага парадку дня.
Турэччына зноў заяўляе, што не прызнае гэтае становішча „дэ-факта“, якое зьяўляецца парушэньнем міжнароднага права, і падкрэсьлівае сваю падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве турэцкага зьнешнепалітычнага ведамства.
Вынікі так званага рэфэрэндуму аб уключэньні паўвострава Крым у склад Расеі прызналі толькі 8 краін сьвету: Афганістан, Куба, Паўночная Карэя, Кіргізстан, Нікарагуа, Судан, Сырыя і Зымбабвэ. Нягледзячы на абяцаную падтрымку, Аляксандар Лукашэнка з таго часу ніводнага разу не наведаў Крым. Аднак вядома, што Беларусь гандлюе з Крымам і акупаванымі расейцамі тэрыторыямі на ўсходзе Ўкраіны.