Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шосты за тыдзень нафтазавод у Расеі атакавалі дроны; у выніку атак па Белгарадзе ёсьць загінулыя і параненыя


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Расеі раніцай 16 сакавіка бесьпілётнікі атакавалі два нафтаперапрацоўчыя заводы ў Самарскай вобласьці, паведаміў губэрнатар рэгіёну Дзьмітрый Азараў.

«Сёньня раніцай зьдзейсьнена атака БПЛА на Сызранскі НПЗ і спроба атакі на Навакойбышаўскі НПЗ. У выніку на тэрыторыі Сызранскага НПЗ адбылося ўзгараньне ўстаноўкі па перапрацоўцы нафтапрадуктаў. Паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелых няма. Спроба атакаваць НПЗ у Навакуйбышэўску спыненая, пацярпелых там таксама няма», — паведаміў Азараў.

Паводле яго, МНС рэгіёну і сілавыя ведамствы «ліквідуюць наступствы» атакі, адказным ведамствам паставілі задачу надаць асаблівую ўвагу ахове аб’ектаў на тэрыторыі рэгіёну.

Міністэрства абароны Расеі пра атаку дронаў на Сызрань не паведаміла. Паводле ведамства, за мінулыя ноч і раніцу былі спыненыя некалькі спробаў нанесьці ўдары па абʼектах у Белгарадзкай і Курскай абласьцях — з дапамогай дронаў, тактычнага ракетнага комплексу «Кропка-У» і рэактыўнай сыстэмы залпавага агню RM-70 Vampire.

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што ў выніку атакі дрона загарэўся легкавы аўтамабіль ў вёсцы Глотава. Пацярпелі 5 чалавек, якія былі ў ім.

Таксама Белгарад і Белгарадзкі раён атакавалі з рэактыўных снарадаў сыстэмы залпавага агню «Вампір», 8 снарадаў зьбілі сыстэмай СПА на падлёце да горада, паведаміў Гладкоў. Паводле яго, двое чалавек загінулі: мужчына і жанчына. Мужчына ехаў за стырном грузавіка, калі ў яго патрапіў снарад. Жанчына загінула ў гаражным каапэратыве, куды яна разам з сынам прыйшла карміць сабак. У сына аскепкавыя раненьні патылічнай часткі галавы, пляча і грудной клеткі. Яшчэ двое мужчын атрымалі закрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы.

У выніку атак, паводле Гладкова, у Белгарадзе ў 7 шматкватэрных дамах выбіла вокны, пашкоджаныя шкленьні на бальконах і лёджыях, нязначна пацярпелі (разьбіта шкло) два сацыяльныя і два гаспадарчыя абʼекты. Папярэдне, пашкоджана 15 аўтамабіляў.

У пасёлку Дубовае Белгарадзкага раёну пашкоджаныя 6 прыватных жылых дамоў і дзьве надворныя пабудовы. У пасёлках Паўночны і Разумнае пацярпелі па адным прыватным доме і па адным аўтамабілі, аскепкамі пасечаны будынак ГЦ «Сіці Мол». ⠀

Цягам тыдня ў Расеі былі атакаваныя сама меней чатыры нафтаперапрацоўчыя заводы: 12 сакавіка — у Ніжагародзкай вобласьці, 13 сакавіка — у Разані і Растоўскай вобласьці, 15 сакавіка — у Калускай. Паводле падлікаў агенцтва «Bloomberg», агульная доля гэтых прадпрыемстваў у нафтаперапрацоўчай галіне — 12%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG