Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне і Расеі заявілі аб ахвярах у выніку ўзаемных абстрэлаў дронамі. У Калускай вобласьці пацярпеў чарговы НПЗ


Пажар на складзе інтэрнэт-крамы ў Санкт-Пецярбургу пасьля ўкраінскай атакі дронамі. Ілюстрацыйнае фота
Пажар на складзе інтэрнэт-крамы ў Санкт-Пецярбургу пасьля ўкраінскай атакі дронамі. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што перадухілілі ўсе спробы Ўзброеных сілаў Украіны прарвацца на расейскую тэрыторыю.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што Расея ў ноч на 15 сакавіка атакавала мірныя ўкраінскія гарады 27 бесьпілётнікамі і трыма ракетамі, у тым ліку адной кіраванай авіяракетай.

Расейскія ўлады заявілі пра абстрэлы з боку Ўкраіны як мінімум трох рэгіёнаў, але ў іх пакуль не спынілі галасаваньне. Яшчэ у дзьвюх вобласьцях паведамілі, што супрацьпаветраная абарона зьбіла ўсе дроны.

У Віньніцкай вобласьці загінулі два чалавекі

Расейцы атакавалі дронамі сем вобласьцяў Украіны — Кіраваградзкую, Мікалаеўскую, Харкаўскую, Херсонскую, Хмяльніцкую, Віньніцкую і Кіеўскую.

У Віньніцкай вобласьці аскепкі зьбітых супрацьпаветранай абаронай дронаў трапілі ў жылы дом — два чалавекі загінулі, яшчэ два атрымалі раненьні. У іншых вобласьцях — без руйнаваньняў і пацярпелых.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што ўсе 27 расейскіх дронаў зьбілі. Іх расейцы запускалі з Курскай вобласьці.

Адразу ў трох вобласьцях Расеі заявілі пра абстрэлы з Украіны

Наколькі можна зразумець з паведамленьняў уладаў памежных з Украінай расейскіх рэгіёнаў, найбольш складаная сытуацыя ў Белгарадзкай вобласьці.

Паводле губэрнатара Вячаслава Гладкова, расейскія сыстэмы супрацьпаветранай абароны зьбівалі ня толькі дроны, але і снарады залпавых сыстэмаў. «У Белгарадзе пацярпелі два чалавекі», — паведаміў ён.

У Белгарадзе пашкоджаньні атрымалі сем шматкватэрных дамоў, адна школа і школьны стадыён. У Белгарадзкім раёне пацярпелі адзін шматкватэрны і пяць прыватных будынкаў. Дзясяткі пашкоджаных аўтамабіляў.

Пра абстрэлы паведаміў і губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз. Паводле яго, у вёсцы Хінель Сеўскага раёну пашкоджаны прыватны будынак і энэргазабесьпячэньне, а ў вёсцы Салаўёўка Клімаўскага раёну — школа, некалькі прыватных будынкаў, гаспадарчых памяшканьняў і аб’екты камунальнай інфраструктуры. Пра пацярпелых улады не паведамілі.

Губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойт заявіў, што ў выніку абстрэлу з боку Ўкраіны ў вёсцы Гогалеўка Суджанскага раёну пацярпелі тры хатнія гаспадаркі, перабіты газаправод. Аднак ён не ўдакладніў, што адбываецца ў пасёлку Цёткіна, у якім мінулыя тры дні адбываліся баявыя дзеяньні.

У супольнай заяве тры батальёны, сфармаваныя з грамадзян Расеі, — Легіён «Свабода Расеі», Расейскі добраахвотніцкі корпус і Сібірскі батальён, якія тры дні таму пачалі рэйд на тэрыторыю Расеі, паведамілі, што дзеяньне гуманітарнага калідору для эвакуацыі мірных жыхароў завершыцца а 7-й раніцы 15 сакавіка.

Паводле іхнай інфармацыі, гуманітарным калідорам скарысталіся больш за 7 тысяч цывільных аўтамабіляў жыхароў Белгарадзкай і больш за 600 жыхароў Курскай вобласьці.

«Пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня гуманітарнага калідору будзе прадоўжана зьнішчэньне вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Белгарадзкай і Курскай вобласьцяў да канчатковага вызваленьня рэгіёну ад войскаў пуцінскага рэжыму», — адзначаецца ў заяве.

Раней паведамлялі, што частка расейскіх добраахвотнікаў, прынамсі, аднаго з батальёнаў — Легіёну «Свабода Расеі» — колішнія ўдзельнікі розных ультраправых арганізацый. У цэлым гэта людзі рознай адукацыі, сацыяльных клясаў і палітычных поглядаў, якія выступілі супраць імпэрскай палітыкі Пуціна.

У Расеі ад атакі пацярпеў яшчэ адзін нафтаперапрацоўчы завод

Украінскія СМІ паведамілі, што ўначы ў выніку пацэльваньня дрону адбыўся пажар на Калускім нафтаперапрцоўным заводзе, а ў Варонескай вобласьці — вайсковы аэрадром.

Улады Калускай і Варонескай вобласьцяў пераконваюць, што пацярпелых і пашкоджанай інфраструктуры няма.

Ва ўмовах вайны праверыць заявы абодвух бакоў немагчыма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG