Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дроны атакавалі нафтавы завод у расейскай Разані, ёсьць пацярпелыя


Ілюстрацыйнае фота. Пасьля атакі дронаў на НПЗ у Ніжагародзкай вобласьці, 12 сакавіка 2024 году
Ілюстрацыйнае фота. Пасьля атакі дронаў на НПЗ у Ніжагародзкай вобласьці, 12 сакавіка 2024 году

13 сакавіка бесьпілётнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у Разані. Пачаўся пажар, ёсьць пацярпелыя.

Пра атаку дронаў паведамілі тэлеграм-каналы і СМІ. Губэрнатар Разанскай вобласьці Павел Малкоў пацьвердзіў, што нафтавы завод у Разані трапіў пад удар бесьпілётнікаў.

«У выніку ўдару пачалося ўзгараньне. Паводле папярэдняй інфармацыі, ёсьць пацярпелыя», — напісаў Малкоў у сваім тэлеграм-канале, дадаўшы, што знаходзіцца на месцы здарэньня.

Агенцтва ТАСС паведамляе, што пасьля пажару на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Разані ў шпіталь даставілі двух чалавек у стане сярэдняй ступені цяжкасьці.

Паводле зьвестак тэлеграм-каналу «112», завод атакавалі тры дроны, яны пацэлілі ў дзьве ўстаноўкі перапрацоўкі. У выніку атакі БПЛА разгарэўся пажар плошчай 200 квадратных мэтраў.

Губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Драздзенка напісаў у сваім тэлеграм-канале, што 13 сакавіка на падлёце да нафтаперапрацоўчага заводу КИНЕФ у Кірышоўскім раёне зьбілі бесьпілётнік «самалётнага тыпу». Паводле яго, ахвяраў і разбурэньняў няма, вытворчасьць працуе ў штатным рэжыме.

Нафтаперапрацоўчы завод у Разані — ужо трэці за два дні расейскі нафтавы аб’ект, які пацярпеў ад удараў бесьпілётнікаў. У ноч на аўторак 12 сакавіка дроны атакавалі НПЗ у Ніжагародзкай вобласьці і нафтабазу ў Арле. Там пачаліся моцныя пажары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG