Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай, Расея і Іран праводзяць сумесныя вучэньні


Кітайскі вайсковы карабель прымае ўдзел у сумесных вайскова-марскіх вучэньнях Ірану, Расеі і Кітаю ў Аманскай затоцы, Іран, 17 сакавіка 2023 году
Кітайскі вайсковы карабель прымае ўдзел у сумесных вайскова-марскіх вучэньнях Ірану, Расеі і Кітаю ў Аманскай затоцы, Іран, 17 сакавіка 2023 году

Вайскова-марскія манэўры «Морскі пояс бясьпекі — 2024» праходзяць у раёне Аманскай затокі

Кітай, Расея і Іран праводзяць на гэтым тыдні сумесныя вайскова-марскія вучэньні ў раёне Аманскай затокі, паведаміў Голас Амэрыкі са спасылкай на Міністэрства абароны Кітаю.

У заяве вайсковага ведамства гаворыцца, што вучэньні «Морскі пояс бясьпекі — 2024» пройдуць з панядзелка па пятніцу і накіраваныя на «ўмацаваньне супрацы на моры» і «сумеснае запэўненьне рэгіянальнай бясьпекі на моры».

Тры краіны правялі аналягічныя вучэньні ў тым жа раёне летась.

Іранскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва IRNA паведаміла, што вучэньні пачнуцца ў аўторак, а назіраць за імі будуць прадстаўнікі Пакістану, Казахстану, Азэрбайджану, Аману, Індыі і ПАР.

Іранскія дзяржаўныя мэдыя адзначылі, што мэтай вучэньняў ёсьць «умацаваньне рэгіянальнай бясьпекі і яе асноваў і пашырэньне шматбаковай супрацы паміж краінамі-ўдзельніцамі».

У заяве, апублікаванай у панядзелак, Пэкін паведаміў, што Кітай адправіць для ўдзелу ў вучэньнях «ракетны эскадравы мінаносец „Урумчы“, ракетны фрэгат „Ліньі“ і карабель комплекснага забеспячэньня „Дунпінху“».

Некаторыя амэрыканскія службоўцы раней выказвалі занепакоенасьць наконт умацаваньня вайсковых сувязяў паміж трыма краінамі.

Летась тагачасны старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў Марк Мілі заявіў, што Кітай, Расея і ЗША стануць праблемай для Вашынгтону «на многія гады наперад».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG