Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку ва Ўзброеных сілах праверкі баявой гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак.
«Праверка мае комплексны характар. Асабовы склад рушыць у вызначаныя раёны, правядзе шэраг вучэньняў і трэнаваньняў, у тым ліку з баявой стральбой», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У часе праверкі заплянавалі перамяшчэньне вайсковай тэхнікі, а таксама часовае абмежаваньне руху цывільнага транспарту па дарогах агульнага карыстаньня і ўчастках мясцовасьці.
Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі, намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў, што вучэньні праводзяцца ў адказ на вучэньні NATO паблізу межаў Беларусі.
«Гэта і вучэньні „Драгун“ зь сіламі спэцыяльных апэрацый на тэрыторыі Польшчы, вучэньні „Ўстойлівы абаронца“, якія аб’ядноўваюць цэлы шэраг вучэньняў, і па маштабах залучаных сіл і сродкаў (да 90 тысяч чалавек) зьяўляюцца аднымі з самых маштабных», — сказаў Віктар Гулевіч.
Ва Ўкраіне папярэдзілі пра інфармацыйныя спэцапэрацыі
У Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны заявілі пра магчымасьць інфармацыйна-прапагандысцкай спэцыяльнай апэрацыі ў сувязі з вайсковымі вучэньнямі ў Беларусі.
«Маштабныя вайсковыя вучэньні, якія сёньня стартавалі ў Беларусі, могуць суправаджацца шматлікімі фэйкамі ва ўкраінскай інфапрасторы аб пачатку новага наступу на Кіеў», — паведаміў кіраўнік цэнтру Андрэй Каваленка.
Ён нагадаў, што праверка баявой гатоўнасьці ў Беларусі адбываецца рэгулярна. І гэтыя вучэньні расейская прапаганда спрабуе выкарыстоўваць для запалохваньня ўкраінцаў і стварэньня панікі ва Ўкраіне.
«Ніякіх рэзэрваў або дастатковай прысутнасьці расейскіх войскаў для плянаваньня ўварваньня ў іх пакуль няма», — падкрэсьліў Андрэй Каваленка.
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі адносна Беларусі.
Увесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.