Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На геафаку БДУ пачнуць рыхтаваць перакладчыкаў, каб «аналізаваць інфармацыю зь міжнародных крыніц»


Галоўны корпус БДУ (справа).
Галоўны корпус БДУ (справа).

На факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ пачнуць рыхтаваць перакладчыкаў-краіназнаўцаў. Стварэньне новай спэцыяльнасьці тлумачаць неабходнасьцю ў адмыслоўцах зь веданьнем ангельскай мовы.

Пра гэта піша выданьне Reform.by.

Спэцыяльнасьць адкрыецца ў 2024/25 навучальным годзе. Выпускнікі атрымаюць трайную кваліфікацыю «Географ. Выкладчык. Перакладчык». Прэсавая служба БДУ падкрэсьлівае, што такіх адмыслоўцаў да гэтага часу не рыхтавалі ў беларускіх ВНУ.

«Адкрыцьцё спэцыяльнасьці абумоўленае запатрабаванасьцю сярод айчынных арганізацый у канкурэнтных і ўнівэрсальных супрацоўніках, якія валодаюць комплекснымі ведамі ў галіне эканамічных, палітычных, сацыякультурных, этнічных асаблівасьцяў розных краін, а таксама валодаюць замежнай мовай і навыкамі як у пэдагагічнай, так і ў вытворчай дзейнасьці», — паведамляе прэсавая служба БДУ.

БДУ чакае, што выпускнікі па новай спэцыяльнасьці змогуць працаваць настаўнікамі, перакладчыкамі ў профільных арганізацыях і на вытворчасьці, у турыстычных, рэклямных і IT-кампаніях, адукацыйных і дасьледчых арганізацыях.

Працягласьць навучаньня складзе 4,5 гады. Можна будзе вучыцца як на бюджэце, гэтак і на платным. Студэнтаў будуць навучаць выкладчыкі факультэта сацыякультурных камунікацый і геафаку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG