Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На факультэтах БДУ ўтварылі камісіі па прыёме на працу


Роза Турарбекава
Роза Турарбекава

У склад камісій уваходзяць дэканы і іх намесьнікі па ідэалягічнай і выхаваўчай працы.

Пра гэта напісала былая выкладчыца катэдры міжнародных адносін БДУ, кандыдат гістарычных навук, палітоляг Роза Турарбекава ў нататцы «Адмысловая камісія ў БДУ. Пра рэпрэсіі, ідэалягізацыю і сэк’юрытызацыю».

«Калі рэжым „надзвычайшчыны“ пераходзіць у звычайны рэжым. Калі рэпрэсіі інстытуцыяналізуюцца. Гэта адбываецца тады, калі звычайныя ўнівэрсытэцкія працэдуры прыёму на працу ўжо не задавальняюць КДБ, МУС ды іншых сілавікоў, якія фактычна ажыцьцяўляюць кантроль за цывільнымі сфэрамі.

Як мне стала вядома, на кожным факультэце была заснаваная спэцыяльная камісія, якая вырашае заключаць з вамі кантракт ці не. Калі раней пытаньне аб прыёме на працу вырашалася праз умоўны конкурс, абмеркаваньне вынікаў працы на паседжаньні катэдры, далей вучонай Радай факультэту і ўнівэрсытэту. Зараз створана адмысловая камісія, куды ўваходзяць дэкан, намесьнік дэкана па ідэалягічнай і выхаваўчай рабоце і інш. Працэдура незразумелая, але зразумела адно — гэта інстытуцыяналізацыя рэпрэсій. Гэтая камісія створана для таго, каб правяраць на прадмет ляяльнасьці да ўлады. Акрамя таго, гэтае ўвасабленьне „кругавой парукі“, даносаў і іншага мярзоцьця.

Пасьля таго, як у БДУ прыйшла папера ад Сьледчага камітэту, што Ўнівэрсытэт нясе адказнасьць за тых 155 чалавек, якія ахвяравалі грошы і што БДУ будзе плаціць штраф, а кіраўніцтва павінна несьці адказнасьць, лягічна меркаваць, што зьявіцца адказ. Вось вам і адказ, хаця магчыма спэцкамісія зьявілася і раней.

Мала таго, што БДУ пад кантролем і кадравая палітыка ў руках рэктара па бясьпецы (афіцэра КДБ). Мала ўсякіх наглядчыкаў на кожным факультэце. Мала таго, што загадчыкі катэдры зараз пазбаўлены ўсякай магчымасьці прымаць на працу адмыслоўцаў. Цяпер стварылі адмысловую камісію. Што ж мне гэта нагадвае? Сталінскія „тройкі“? Ці мясцовыя партыйныя ячэйкі? Не. Гэта менавіта адмысловыя камісіі, якіх раней не было ніколі. Гэта вынаходка рэжыму Лукашэнкі. Цяпер кожны дэкан і ўсе сябры камісіі будуць несьці адказнасьць за „экстрэмістаў“».

Вынікам рэпрэсій у ВНУ Роза Турарбекава раней назвала «колькаснае і якаснае скарачэньне высокапрафэсійных, высокакваліфікаваных кадраў», у першую чаргу тых, хто мае навуковую ступень. Паводле слоў экс-выкладчыцы БДУ, каб «выгадаваць аднаго кандыдата навук», неабходна ня менш за 10 гадоў, «у вельмі рэдкіх выпадках — 7–8». Цяпер жа беларускіх навукоўцаў звальняюць з працы, нягледзячы на заслугі ў навуцы і пэрспэктыўнасьць.

Паводле інфармацыі Турарбекавай, да восені 2023 году толькі з БДУ звольнілі каля 100 дацэнтаў і прафэсараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG