Эканамічны суд Менску ліквідаваў ЗАТ «БелаПАН» паводле пазову пракурора Першамайскага раёну гораду, паведаміла прэс-служба ведамства. Рашэньне не абскарджана і не апратэставана, яно набыло моц.
Агенцтва спыніла працу ў Беларусі ў лістападзе 2021 году, калі Камітэт дзяржбясьпекі прызнаў яго «экстрэмісцкім фармаваньнем».
БелаПАН было першым незалежным інфармацыйным агенцтвам у Беларусі. У жніўні 2018 году супрацоўнікаў БелаПАН разам з рэдакцыяй Tut.by затрымалі як фігурантаў «справы БелТА».
6 кастрычніка 2022 году суд абвясьціў прысуды фігурантам справы «БелаПАН». Мэдыямэнэджару Андрэю Аляксандраву прысудзілі 14 гадоў калёніі, ягонай жонцы Ірыне Злобінай — 9 гадоў, экс-дырэктару агенцтва БелаПАН Дзьмітрыю Наважылаву — 6 гадоў, галоўнаму рэдактару і дырэктару БелаПАН Ірыне Леўшынай — 4 гады.