Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве пачалі расьсьледаваньне ў справе беларуса, які абразіў у Youtube літоўцаў


Беларус і блогерка Юлія. Скрын з Youtube
Беларус і блогерка Юлія. Скрын з Youtube

Беларус, які працуе ў Літве, у якога ёсьць пастаянны від на жыхарства, сваімі камэнтарамі аб Літве і літоўцах у Youtube выклікаў хвалю абурэньня. У выніку відэа выдаленае з сэрвісу, а Дэпартамэнт міграцыі пачаў расьсьледаваньне.

Інтэрвію з мужчынам, які расказаў, што ён зь Беларусі, запісала Юлія з Казахстана, якая выйшла замуж за літоўца і жыве ў Алітусе, пераказвае гісторыю delfi.lt. Яна ня толькі робіць рэпартажы і агляды, але і запісвае інтэрвію з рознымі жыхарамі Расеі, у якіх пытаецца, што яны думаюць пра Літву.

Беларус заявіў ёй, што прынцыпова ня вучыць літоўскую, яму не падабаецца ні Літва, ні яе ўлада, ні законы, ні цэны.

«Навошта мне літоўская? Я літоўскую мову наогул не паважаю. У мяне ёсьць від на жыхарства, але мова мне не патрэбная», — сказаў малады чалавек, які пражывае ў Літве з 2019 года.

Малады чалавек акцэнтаваў, што вітаецца з усім па-руску, ён лічыць, што людзі мусяць зразумець, што ён не мясцовы. Ён таксама заяўляў, што не паважае літоўцаў.

Аднак пасьля таго як гэтае відэа з канала Youtube Mylimiausia Lietuva было прададзена шырокай агалосцы, яно зьнікла. Відэа пасьпела набраць 40 000 праглядаў. Аказалася, прыбраць відэа ў блогеркі Юліі папрасіў герой гісторыі. Ён паведаміў, што ў яго пачаліся праблемы. Дэпартамэнт міграцыі адзначыў, што асоба гэтага чалавека яго работнікам вядомая, зараз пачата расьсьледаваньне.

Блогерка падзялілася лістом, які напісаў беларус, які называў кіраўніцтва Літвы «дурачкамі»: «Добры дзень. На вашым канале вы падзяліліся відэа з маім удзелам. Я — той малады чалавек, з якім вы нядаўна гаварылі. Я нагаварыў шмат непатрэбнага аб вашай мове і культуры. Хачу прынесьці прабачэньні і папрасіць выдаліць відэа. У мяне зараз пачаліся праблемы. Выдаліце відэа ці я буду змушаны зьвярнуцца са скаргай да кіраўніцтва Youtube», — пісаў беларус.

Юлія прыбрала відэа, не чакаючы санкцый Youtube.

29 лютага прадстаўнік Дэпартамэнту міграцыі Рокас Пукінскас сказаў парталу Delfi, што ў дачыненьні да гэтага чалавека пачатае расьсьледаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG