Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі заклікаў Украіну да перамоваў з Расеяй


Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота.
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота.

Папа Рымскі Францішак заявіў, што Ўкраіна павінна праявіць мужнасьць, якую ён назваў «белым сьцягам», і дамовіцца аб спыненьні вайны з Расеяй, піша Голас Амэрыкі.

Пантыфік зрабіў свае камэнтары падчас інтэрвію, запісаным у мінулым месяцы для швайцарскай вяшчальнай кампаніі RSI, задоўга да таго, як у пятніцу прэзыдэнт Турцыі Эрдаган прапанаваў правесьці саміт паміж Украінай і Расеяй.

Эрдаган зрабіў новую прапанову пасьля сустрэчы ў Стамбуле са сваім украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім. Зяленскі заявіў, што хаця ён і хоча міру, ён не дапусьціць тэрытарыяльных саступак з боку Ўкраіны.

Мірны плян украінскага лідэра прадугледжвае вывад расейскіх войскаў з усёй тэрыторыі Украіны і аднаўленьне дзяржаўных межаў. Масква выключыла магчымасьць свайго ўдзелу ў мірных перамовах на прапанаваных Кіевам умовах.

У інтэрвію папу Францішка спыталі пра яго пазыцыю ў спрэчцы паміж тымі, хто кажа, што Ўкраіна павінна саступіць, бо церпіць паразу, і тымі, хто сьцьвярджае, што такія саступкі ўзаконяць дзеяньні наймацнейшага боку. Журналіст выкарыстаў у пытаньні тэрмін «белы сьцяг».

«Гэта адна з інтэрпрэтацый, гэта праўда», — сказаў Францішак, паводле папярэдняй стэнаграмы інтэрвію і ўрыўка відэазапісу, які патрапіў у распараджэньне Reuters. Само інтэрвію мусіць быць паказана 20 сакавіка ў межах новай праграмы.

«Я думаю, што наймацнейшы той, хто глядзіць на сытуацыю, думае аб людзях, мае мужнасьць „белага сьцяга“ і вядзе перамовы», — сказаў Францішак, дадаўшы, што перамовы павінны праходзіць пры пасярэдніцтве іншых дзяржаў.

«Слова „перамовы“ насамрэч мужнае. Калі вы бачыце, што церпіце паразу, што справы ідуць не лепшым чынам, вы павінны мець мужнасьць весьці перамовы», — сказаў Францыск.

Лічыцца, што Францішак упершыню выкарыстоўваў такія тэрміны, як «белы сьцяг» або «параза», абмяркоўваючы вайну ва Ўкраіне, хоць у мінулым ён ужо казаў пра неабходнасьць перамоваў.

У мінулым годзе 87-гадовы пантыфік адправіў пасланца міру, італьянскага кардынала Матэа Зупі, у Кіеў, Маскву і Вашынгтон, каб даведацца меркаваньне лідэраў гэтых краін.

У мінулым месяцы Зяленскі заявіў, што з моманту расейскага ўварваньня ў лютым 2022 года была забітая 31 тысяча ўкраінскіх салдат і што дзясяткі тысяч мірных жыхароў былі забітыя на акупаваных тэрыторыях краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG