Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ватыкане патлумачылі словы папы Францішка аб «спадчыне вялікай імпэрыі» Расеі


Папа Рымскі Францішак
Папа Рымскі Францішак

Францішак «безумоўна не хацеў праслаўляць імпэрыялістычную лёгіку або ўрадавых чыноўнікаў, якіх цытаваў для ўказаньня на пэўныя гістарычныя падзеі».

Прэсавы сакратар Ватыкану Матэа Бруні заявіў, што папа Рымскі Францішак проста хацеў адзначыць пазытыўныя аспэкты духоўнай і культурнай гісторыі Расеі, калі ён усхваляў расейскіх імпэратараў Пятра Першага і Кацярыну Другую.

Францішак «безумоўна не хацеў праслаўляць імпэрыялістычную лёгіку або ўрадавых чыноўнікаў, якіх цытаваў для ўказаньня на пэўныя гістарычныя падзеі», — сказаў Бруні.

Афіцыйны прадстаўнік украінскага МЗС Алег Нікаленка назваў вельмі прыкрым факт, калі «расейскія вялікадзяржаўніцкія ідэі, якія, уласна, і зьяўляюцца прычынай хранічнай агрэсіўнасьці Расеі, сьвядома ці несьвядома гучаць з вуснаў папы».

У МЗС Украіны адзначылі, што «менавіта такой імпэрыялістычнай прапагандай, «духоўнымі скрэпамі» і «патрэбай» у выратаваньні «вялікай Расеі-матухны» Крэмль апраўдвае забойствы тысяч украінцаў і ўкраінак і зьнішчэньне сотняў украінскіх гарадоў і сёлаў.

Украінская грэка-каталіцкая царква таксама выступіла з крытычнай заявай наконт выказваньняў папы Рымскага Францішка.

«Існуе небясьпека, што гэтыя словы могуць успрыняць як падтрымку таго нацыяналізму і імпэрыялізму, які сёньня стаў прычынай вайны ва Ўкраіне — вайны, якая штодзень прыносіць сьмерць і руйнаваньні для нашага народу», — адзначыў кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы Сьвятаслаў Шаўчук.

Словы, якія выклікалі пратэст Кіева, папа прамовіў на онлайн-сустрэчы з расейскай каталіцкай моладзьдзю 25 жніўня.

«Ніколі не забывайце пра спадчыну. Вы нашчадкі вялікай Расеі: вялікай Расеі сьвятых, кіраўнікоў, вялікай Расеі Пятра I, Кацярыны II, той імпэрыі — вялікай, асьвечанай, вялікай культуры і вялікай чалавечнасьці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны. Вы нашчадкі вялікай Расеі-матухны, ідзіце наперад з гэтым», — сказаў Францішак.

У тэксьце, апублікаваным на сайце кіраўніка Ватыкану, гэтага выказваньня няма, аднак ёсьць відэа, на якім Францішак прамаўляе гэтыя словы па-італьянску.

Пракамэнтаваў выказваньні кіраўніка Апостальскай сталіцы і былы прэзыдэнт Эстоніі Томас-Хендрык Ільвэс. Ён назваў іх «сапраўды агіднымі».

Раней Папа заяўляў пра сваё непрыманьне вайны і фатаграфаваўся са сьцягам Украіны, які яму прывозілі ўцекачы. Ён неаднаразова заклікаў да міру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG