Папа Рымскі Францішак на сустрэчы з дыпляматамі, акрэдытаванымі ў Ватыкане, заявіў, што трэба спыніць усе войны і пачаць мірныя перамовы, а таксама расказаў, як ставіцца да ядзернай зброі, да перасьледу хрысьціян і пра палітычныя выбары ў 2024 годзе.
«Сучасныя войны больш не вядуцца на палях бітвы і тычацца ня толькі салдат»
Як паведаміла радыё Vatican News, папа Рымскі выказаў заклапочанасьць войнамі і канфліктамі ў розных частках сьвету — у Ізраілі і Палестыне, ва Ўкраіне, паміж Армэніяй і Азэрбайджанам, у Лібіі і Сірыі.
«У кантэксьце, у якім здаецца, што больш ня робіцца розьніцы паміж вайсковымі і цывільнымі аб’ектамі, больш не бывае канфліктаў, якія б нейкім чынам ня білі нявыбарачным чынам па цывільным насельніцтве. Падзеі ва Ўкраіне і Газе — відавочнае пацьвярджэньне гэтага. Мы не павінны забываць, што цяжкія парушэньні міжнароднага гуманітарнага права — гэта ваенныя злачынствы, і што недастаткова выкрываць іх, але неабходна перадухіляць. Таму патрэбны большыя намаганьні міжнароднай супольнасьці дзеля шанаваньня і выкананьня гуманітарнага права, якое здаецца адзіным шляхам для абароны правоў чалавека ў сытуацыях ваеннага сутыкненьня», — заявіў пантыфік.
Папа Рымскі падкрэсьліў, што асуджае «ўсе формы тэрарызму і экстрэмізму», бо яны ня толькі не вырашаюць пытаньні паміж народамі, а, наадварот, робяць іх больш складанымі і выклікаюць пакуты ўсіх.
«У справах вайны існуюць розныя міжнародныя дамовы, падпісаныя многімі народамі з мэтаю зрабіць ваенныя дзеяньні і іх наступствы больш гуманнымі (...) Гэтыя дамовы трэба выконваць. Больш за тое, усе, асабліва грамадзкія ўлады і экспэрты ў гэтых справах, павінны прыкладаць усе магчымыя намаганьні, каб гэтыя дамовы выконваліся і спрыялі лепшаму і больш эфэктыўнаму стрымліваньню жудаснасьці войнаў». Нават калі гаворка ідзе пра законную самаабарону, неабходна прытрымлівацца прапарцыянальнага выкарыстаньня сілы, мяркуе пантыфік.
Пра ядзерную зброю
Папа Рымскі Францішак заклікаў да раззбраеньня, бо «зброя стварае ўзаемны недавер і забірае вялікую колькасьць рэсурсаў, якія можна накіраваць на стварэньне сапраўднай глябальнай бясьпекі і вырашэньне шматлікіх крызісаў — харчовага, экалягічнага, эканамічнага і крызісу ў сфэры аховы здароўя, якія пазначылі пачатак стагодзьдзя».
Пантыфік назваў амаральнай вытворчасьць ядзернай зброі і валоданьне ёю і падкрэсьліў, што дзеля дасягненьня міру недастаткова пазбавіцца ваенных прылад, але трэба выкараніць прычыны вайны, сярод якіх голад, эксплюатацыя прыродных рэсурсаў і людзей.
Францішак падкрэсьліў, што шлях да міру патрабуе павагі да правоў чалавека. Паводле яго, цяпер назіраецца і аслабленьне структураў шматбаковай дыпляматыі, якія былі створаныя пасьля Другой усясьветнай вайны.
Пра палітычныя выбары ў 2024 годзе і перасьлед хрысьціян
Пантыфік заклікаў моладзь тых краін, дзе сёлета адбудуцца палітычныя выбары, удзельнічаць у галасаваньні.
Папа Рымскі таксама заклікаў бараніць рэлігійную свабоду і правы меншасьцяў, выкараняць антысэмітызм, а таксама нагадаў пра перасьлед хрысьціян. Паводле яго, больш за 360 мільёнаў грамадзян пацярпелі за сваю веру, апроч таго, павялічваецца колькасьць вернікаў, вымушаных уцякаць са сваёй зямлі.