А Францыя хоча, каб некаторыя зь яе абаронных прадпрыемстваў выраблялі ваенную тэхніку непасрэдна ва Ўкраіне. Аб гэтым заявіў міністар абароны Себасьцьян Лекарню: «Тры францускія кампаніі будуць устанаўліваць партнэрскія адносіны з украінскімі кампаніямі, у прыватнасьці, у сэктарах бесьпілётнай і наземнай тэхнікі, для вытворчасьці запасных частак на ўкраінскай зямлі і, магчыма, боепрыпасаў у будучыні». Наладзіць вытворчасьць змогуць ужо да лета 2024 года.
У лік уцягнутых кампаній можа ўвайсьці вытворца танкаў KNDS. Гэта эўрапейскі холдынг, утвораны пасьля зьліцьця буйнога францускага і нямецкага вытворцы зброі. Акрамя таго, у Францыі працягваецца абмеркаваньне ініцыятывы прэзыдэнта Эмануэля Макрона па адпраўцы войскаў ва Ўкраіну. На сустрэчы з кіраўніцтвам палітычных партый краіны Макрон сказаў, што Францыя можа ўвесьці сваіх салдат, калі лінія фронту зрушыцца да Адэсы ці Кіева. Пра гэта газэце L’independant расказалі ўдзельнікі сустрэчы.
Міністар абароны Францыі Себасьцьян Лекарню ў эфіры аднаго з нацыянальных тэлеканалаў сказаў, што размова не ідзе аб удзеле францускіх ваенных у баявых дзеяньнях. Паводле яго слоў, францускія спэцыялісты маглі б навучаць украінцаў і дапамагаць ім у разьмініраваньні тэрыторый.
Аб эўрапейскай дапамозе Кіеву вядучы Настоящего времени Ігар Сяўругін пагаварыў з Аляксандрам Харам, украінскім дыпляматам, экспэртам Цэнтра абаронных стратэгій.
— Калі мы паглядзім на абʼёмы дапамогі Ўкраіне, то на першым месцы ў Эўропе знаходзіцца Нямеччына. На другім месцы — Брытанія, потым Данія. Францыя знаходзіцца дастаткова далёка: яна ў ліку пятнаццаці найбуйнейшых пастаўшчыкоў Украіне ўзбраеньняў і тэхнікі. Парыж пастаўляе спэцыфічныя віды ўзбраеньня, такія як крылатыя ракеты SCALP або гаўбіцы Caesar — гэта высокатэхналягічныя добрыя віды ўзбраеньняў. Але па абʼёме яны саступаюць і немцам, і брытанцам, і ўсім астатнім.
Чэхія не зьяўляецца буйной дзяржавай ні з пункта погляду індустрыі, ні з пункту гледжаньня фінансаў. Але лідэрства, якое яны праяўляюць, годна пахвалы. Францыя, напэўна, хоча пераняць эстафэту лідэрства ў Германіі і Вялікабрытаніі. Асабліва на фоне таго, што адбываецца ў Вашынгтоне, асабліва з магчымай перспэктывай прыходу Трамп да ўлады і невядомых парамэтраў працы як NATO, так і дапамогі Ўкраіне.
— Тыя 300 тысяч снарадаў, якія знайшла для Ўкраіны Чэхія і аплацілі саюзьнікі, на што іх можа хапіць?
— Ужо ёсьць пазытыўныя навіны з двух напрамкаў на фронце, дзе снарадны голад ужо не адчуваецца. На жаль, гэта не па ўсіх кірунках. Зразумелая справа, што гэта вынік лідэрства Чэхіі. Гэта хоць і маленькая краіна з невялікімі магчымасьцямі, але лідэрствам усё гэта перакрывае.
Мы спадзяемся, што бліжэйшым часам пачуем прыемныя навіны са Швэцыі, якая афіцыйна ўступіла ў NATO. Я думаю, што яны прымуць рашэньне дапамагчы нашым ваенна-паветраным сілам. У Швэцыі ёсьць выдатны самалёт, які не горшы, чым F-16, і ён адназначна нам будзе карысны.