Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адказе рэспубліканцаў на зварот Байдэна сэнатарка Брыт заявіла аб «згасаньні» Амэрыкі


Кэці Брыт
Кэці Брыт

Рэспубліканская сэнатарка Кэці Брыт рэзка скрытыкавала прэзыдэнта Джо Байдэна, заявіўшы, што пад ягоным кіраўніцтвам у ЗША стала «менш магчымасьцяў», «менш свабоды», а сама краіна «згасае».

Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі».

Брыт выступіла з так званым «Зваротам Рэспубліканскай партыі да краіны» пасьля дакладу Байдэна «Аб становішчы спраў у краіне», зь якім ён выступіў у Капітоліі.

У супрацьлегласьць Байдэну, сэнатарка ад Алабамы абмалявала змрочную карціну сёньняшніх ЗША.

«Краіна, якую мы ведаем і любім, здаецца, згасае, — сказала яна. — Складаецца адчуваньне, што ў наступнага пакаленьня будзе менш магчымасьцяў і менш свабоды, чым у нас. Мяне хвалюе, што ў маіх дзяцей можа нават ня быць шанцу на ажыцьцяўленьне іх амэрыканскай мары».

Паводле яе слоў, «сапраўдны, непрыхарошаны стан спраў у краіне» можна выказаць словамі: «Нашы сем’і цярпяць. Наша краіна можа працаваць лепш».

На думку Брыт, Байдэну дасталася ў спадчыну самая абароненая мяжа ў гісторыі. Аднак празь некалькі хвілін пасьля заступленьня на пасаду ён прыпыніў усе дэпартацыі, спыніў будаўніцтва сьцяны на мяжы і абвясьціў пра плян амніставаць мільёны людзей. Сэнатарка заявіла, што прэзыдэнт наклікаў крызіс на мяжы 94 указамі, прынятымі за першыя 100 дзён.

«Памежны крызіс прэзыдэнта Байдэна — гэта ганьба. Ён агідны. І яго можна было практычна цалкам прадухіліць», — адзначыла сэнатарка.

Яна заявіла, што працоўныя сем’і сёньня зь цяжкасьцю зводзяць канцы з канцамі, а амэрыканцы сутыкаюцца зь вялікімі фінансавымі цяжкасьцямі, у той час як Байдэн з гонарам заяўляе, што «Байдэноміка» працуе.

«Ад пакіданьня саюзьнікаў пры катастрафічным вывадзе войскаў з Афганістану... да адчайнага прасоўваньня новай небясьпечнай угоды з Іранам прэзыдэнт Байдэн пацярпеў правал. Мы ператварыліся ў краіну, якая адыходзіць. І ворагі свабоды бачаць у гэтым магчымасьць», — сказала сэнатарка.

«Амэрыка заслугоўвае лідэраў, якія прызнаюць, што абароненыя межы, стабільныя цэны, бясьпечныя вуліцы і магутная абарона — гэта нарожныя камяні вялікай краіны», — сказала яна.

«Несумненна, мы на ростанях, — заявіла Брыт. — Мы ўсе гэта адчуваем».

Пры гэтым, паводле яе слоў, добрая навіна — у тым, што амэрыканскаму народу трэба вырашыць, «ці будзе нашая будучыня сьвятлейшая, ці мы задаволімся заняпадам Амэрыкі».

  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў перад Кангрэсам з дакладам аб становішчы ў ЗША.
  • Як паведаміў «Голас Амэрыкі», ён падкрэсьліў свае рознагалосьсі з Дональдам Трампам у замежнапалітычных, сацыяльных і эканамічных пытаньнях, у прыватнасьці, у пытаньні аб падатках для багатых.
  • Штогадовы выступ прэзыдэнта ЗША прайшоў увечары 7 сакавіка. Адпаведна патрабаваньню Канстытуцыі прэзыдэнт павінен «час ад часу» даваць справаздачу перад Кангрэсам аб становішчы ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG