Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BelPol: Новы намесьнік кіраўніка спраў Лукашэнкі ў 2008 годзе праходзіў абвінавачаным па крымінальнай справе


Мікалай Шкрэд, фота прэс-службы Лукашэнкі
Мікалай Шкрэд, фота прэс-службы Лукашэнкі

Намесьнік кіраўніка спраў Лукашэнкі Мікалай Шкрэд у 2008 годзе праходзіў абвінавачаным па крымінальнай справе за злоснае хуліганства (частка 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу) за зьбіцьцё ахоўніка начнога клюбу, паведаміла выданьню «Люстэрка» аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol.

Паводле зьвестак BelPol, у 2008 годзе Шкрэд, які на той час служыў у службе бясьпекі Лукашэнкі ў званьні капітана, разам з таварышам па службе Алегам Копацем прыйшлі ў «Данькоў Клюб» на вуліцы Мясьнікова ў Менску. Яны хацелі трапіць на дыскатэку, але іх спыніў ахоўнік Фурсевіч.

Адбыўся канфлікт, у выніку якога Шкрэд ударыў Фурсевіча нагой у левую нагу, а пасьля яны разам з Копацем, «знаходзячыся ў стане алькагольнага апʼяненьня», нанесьлі яшчэ «сама меней чатыры ўдары кулакамі рук па целе, руках і твары», прыводзіць BelPol вытрымку з крымінальнай справы. Ахоўнік спрабаваў уцячы, але яго дагналі, і Шкрэд яшчэ раз ударыў яго кулаком у твар.

У выніку на Шкрэда і Копаця завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асобаў). Артыкул прадугледжвае розныя варыянты пакараньня: або арышт, або да 3 гадоў абмежаваньня волі, або ад 1 да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Аднак у 2009 годзе справу супраць Андрэя Шкрэда закрылі па п. 2 ч. 1 арт. 29 КПК (Акалічнасьці, якія выключаюць вядзеньне па крымінальнай справе). Сьледчыя не знайшлі ў дзеяньнях складу злачынства.

Шкрэд застаўся служыць у службе бясьпекі Лукашэнкі, а Копаць пакінуў пасаду пасьля 2009 году.

Як адзначыў у камэнтары «Люстэрку» прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар, наяўнасьць судзімасьці паводле артыкула «Хуліганства, учыненае групай асобаў», аўтаматычна выключала далейшую працу ў Службе бясьпекі Лукашэнкі, таму, на думку Жыгара, справу вырашылі закрыць.

6 сакавіка Мікалая Шкрэда прызначылі першым намесьнікам кіраўніка спраў Лукашэнкі. Да гэтага часу ён займаў пасаду намесьніка начальніка Службы бясьпекі Лукашэнкі. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся зь верасьня 2021 году, асабіста ахоўваў Лукашэнку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG