Да гэтага часу Мікалай Шкрэд займаў пасаду намесьніка начальніка Службы бясьпекі прэзыдэнта. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся зь верасьня 2021 году, асабіста ахоўваў Лукашэнку.
Мікалаю Шкрэду 42 гады, ён займаўся самба і дзюдо, быў пераможцам першынства сьвету па самба сярод юнакоў. Гуляў у аматарскай хакейнай камандзе «Шчыт» на першынство Менску, правёў 25 матчаў.
Першым кіраўніком КСП стаў Іван Ціцянкоў, паплечнік Аляксандра Лукашэнкі з пачатку 1990-х. Пры Ціцянкову Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта ператварылася ў бізнэс-імпэрыю, падмяўшы пад сябе даходныя галіны дзяржаўнай гаспадаркі. Фінансавы бок дзейнасьці кіраўніцтва заўсёды быў невядомы ня толькі грамадзтву, але і Вярхоўнаму Савету, а затым і Палаце прадстаўнікоў.
Пасьля Ціцянкова пасаду кіраўніцы спраў прэзыдэнта заняла Галіна Жураўкова. Пры ёй бізнэс-імпэрыя яшчэ больш пашырылася, створаныя пры кіраўніцтве кампаніі фактычна манапалізавалі нафтавы і тытунёвы рынкі. У 2004 годзе Жураўкову арыштавалі і за крадзеж больш як трох мільёнаў даляраў асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Аднак яна паклялася ў вернасьці Лукашэнку, кампэнсавала страты і была памілаваная.
У 2022 годзе Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта ўзначаліў Юры Назараў, які да гэтага быў на пасадзе намесьніка прэм'ер-міністра. Ён быў куратарам разьвіцьця машынабудаваньня, нафтахіміі, дрэваапрацоўкі, навукі.