Зьявіўся новы расейскамоўны спадарожнікавы пакет «Свобода», з дапамогай якога 9 незалежных тэле- і радыёканалаў трансьлююцца праз спадарожнік на тэрыторыі ўсёй Эўропы, уключаючы Беларусь, Украіну і Расею, а таксама Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі, паведамляе Deutsche Welle.
Праект запусьцілі 5 сакавіка з ініцыятывы міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў».
Мэты праекту — аднавіць бесьперашкодную і свабодную ад ваеннай прапаганды плынь інфармацыі паміж Эўропай і Расеяй, а таксама падтрымаць беларускую, украінскую і расейскую грамадзянскую супольнасьць. «Свобода» заклікана прадэманстраваць, што «дэмакратычныя дзяржавы могуць экспартаваць незалежную журналістыку, каб пераадолець лёгіку прапаганды, якую экспартуюць дыктатуры», паведамляюць «Рэпартэры бязь межаў».
У рамках пакету «Свобода» свае праграмы будуць трансьляваць свае праграмы расейскія «Эхо» (інтэрнэт-радыё, створанае былымі журналістамі радыёстанцыі «Эхо Москвы» пасьля яе ліквідацыі) і «Радио Сахаров», тэлеканал «Настоящее время», «Еўрарадыё», малдаўскі тэлеканал ТВ8, бэрлінская телекампанія «Ост/Вест 24», а таксама аб’яднаныя каналы з удзелам расейскіх «Важных историй», «Холода», «Новой газеты Европа» і іншых.
Асобны новы канал называецца «Беларусь заўтра», яшчэ адзін канал стварае студыя ўкраінскага журналіста Дзьмітрыя Гардона.
У найбліжэйшыя месяцы да трансьляцыі далучацца і іншыя СМІ і журналісты. Апроч гэтага, стваральнікі працуюць над асобным каналам навінаў. У выніку спадарожнікавы пакет плянуюць пашырыць да 25 незалежных тэле- і радыёканалаў.
Пакет «Свобода» даступны бясплатна ў нешыфраваным выглядзе на спадарожніку Hotbird кампаніі Eutelsat у пазыцыі 13E. Яго патэнцыйная аўдыторыя — 4,5 мільёна хатніх гаспадарак у Расеі, каля 3,5 млн — на тэрыторыі Ўкраіны і прыкладна 800 тысяч — на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны, у Беларусі і Малдове — сотні тысяч, бо гэтая спадарожнікавая пазыцыя папулярная з пачатку 1990-х гадоў, так што стваральнікі разьлічваюць на добрае пакрыцьцё постсавецкай прасторы ў цэлым.
Кіраўнік праекту «Свобода» Джым Філіпаў сьцьвярджае, што спадарожнік Hotbird 13G забясьпечаны найноўшымі тэхналёгіямі, якія не дазволяць расейскаму ці іншаму аўтарытарнаму ўраду заглушыць ягоны сыгнал.
Праект «Свобода» некамэрцыйны, створаны на базе няўрадавай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», якая і вылучае на яго бюджэт — каля 3 млн эўра за год. Арганізацыя заклікае спонсараў падтрымаць праект.
Тэхнічныя парамэтры для прыёму «Свабоды»:
- Спадарожнік: Hotbird 13G у пункце 13.0E
- Транспондэр: tp 122, частата: 10949 MHz
- Палярызацыя: вэртыкальная
- Сымбальная хуткасьць: 27500 Ksym/sec, FEC: 2/3
- Мадуляцыя: DVB-S2/8PSK