Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Нямеччыны прызнала перахоп размовы афіцэраў Бундэсвэру пра перадачу ракет Taurus Украіне


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Паўднёвакарэйскі зьнішчальнік F-15K страляе ракетай Taurus падчас вайсковых вучэньняў, 24 сакавіка 2023 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Паўднёвакарэйскі зьнішчальнік F-15K страляе ракетай Taurus падчас вайсковых вучэньняў, 24 сакавіка 2023 году

Міністэрства абароны Нямеччыны не ўдакладніла, ці сапраўды нямецкія афіцэры абмяркоўвалі імаверныя ўдары ракетамі Taurus па Крымскім мосьце.

Міністэрства абароны Нямеччыны прызнала выцек запісу онлайн-канфэрэнцыі высокапастаўленых афіцэраў вайскова-паветраных сілаў Нямеччыны (Люфтвафэ), піша Deutsche Welle.

«Паводле нашай ацэнкі, размова ў зоне адказнасьці Люфтвафэ была перахопленая», — цытуюць нямецкія інфармагенцтвы афіцыйную прадстаўніцу вайсковага ведамства.

Міністэрства не пракамэнтавала зьмест гутаркі. «Цяпер мы ня можам з упэўненасьцю сказаць, ці былі ўнесеныя зьмены ў запісаную або расшыфраваную вэрсію, якая распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках», — растлумачылі ў ведамстве.

Раней сытуацыю пракамэнтаваў канцлер ФРГ Оляф Шольц. Ён назваў справу «вельмі сур’ёзнай» і падкрэсьліў, што «гэтае пытаньне вельмі дакладна, вельмі інтэнсіўна і вельмі хутка праясьняюць». У той жа час агенцтва dpa паведаміла, што апублікаваны шэрагам расейскіх СМІ запіс размовы сапраўдны.

Раніцай 1 сакавіка галоўная рэдактарка расейскага прапагандысцкага тэлеканалу RT Маргарыта Сіманьян паведаміла, што ёй нібыта перадалі 40-хвілінны аўдыёзапіс, на якім «высокапастаўленыя афіцэры Бундэсвэру» абмяркоўваюць магчымыя ўдары па Крымскім мосьце з дапамогай ракет Taurus. У пацьверджаньне Сіманьян апублікавала расшыфроўку размовы, якая, паводле яе, адбылася 19 лютага 2024 году, а таксама сам аўдыёзапіс гутаркі, удзельнікі якой размаўляюць на нямецкай мове. Пасьля гэтага міністэрства замежных справаў Расеі запатрабавала ад германскага ўраду тлумачэньняў.

Канцлер Нямеччыны ня раз выказваўся супраць перадачы Украіне крылатых ракет Taurus. Так, на сустрэчы з жыхарамі Дрэздэну 29 лютага Шольц абгрунтаваў адмову Бэрліну тым, што ракета здольная «ўразіць цэль дзе-небудзь у Маскве», калі яе «няправільна наладзіць». Акрамя таго, для забесьпячэньня кантролю над ужываньнем ракет Taurus неабходна было б адправіць ва Ўкраіну нямецкіх вайскоўцаў, але гэты крок выключаны, заявіў тады Шольц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG