Як паведаміў 29 лютага на брыфінгу начальнік галоўнага ўпраўленьня падаткаабкладаньня фізычных асобаў Міністэрства падаткаў і збораў Андрэй Кавалеўскі, паняцьця пра грашовыя гасьцінцы («чаевые») афіцыянтам у беларускім заканадаўстве няма. Падаткавікі пакуль ня вызначыліся, да якой крыніцы даходаў можна іх аднесьці.
«Дарэньне? Не. Бо дарэньне — гэта безадплатнасьць з абодвух бакоў. А чалавек пакідае грошы, напрыклад, ва ўстанове харчаваньня, калі спадабаліся кухня, абслугоўваньне. Усё ж такі не безадплатнасьць, а дадатковая плата за тое, што мне там спадабалася. Гэтыя пытаньне пэрыядычна ўзьнікае, і дзяржорганы працуюць над ім», — паведаміў Кавалеўскі.
Хто павінен плаціць падаткі з гасьцінцаў? «Замацаваньне тэрміна „гасьцінец“ („чаевые“) патрэбна і важнае ў першую чаргу для таго, каб высьветліць, чые гэта грошы — юрыдычнай асобы, дзе я пакінуў гэты гасьцінец, ці наёмных работнікаў? Уладальніка ўстановы ці афіцыянткі? Вось гэтае пытаньне зараз і прапрацоўваецца», — заявіў Кавалеўскі.