Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве па кантрактах працуюць дзьве траціны беларускіх мігрантаў


Літоўскі пункт пропуску «Лаварышкі» на мяжы зь Беларусьсю, які будзе закрыты з 1 сакавіка. Архіўнае фота
Літоўскі пункт пропуску «Лаварышкі» на мяжы зь Беларусьсю, які будзе закрыты з 1 сакавіка. Архіўнае фота

Паводле афіцыйных зьвестак, колькасьць непаўналетніх і старэйшых за 65 гадоў беларусаў у Літве, якія не працуюць, не перавышае 5 тысяч. Пра колькасьць падаткаў, якія пералічваюць беларусы ў дзяржаўны бюджэт Літвы, не паведамляюць.

У Службе занятасьці Літвы паведамілі, што з 62 474 грамадзян Беларусі, якія жывуць у Літве, 47 726 чалавек працуюць у літоўскіх кампаніях на падставе працоўнага кантракту.

«Цяпер у Літве па працоўным кантракце працуюць 47 726 грамадзян Беларусі. А гэта, паводле зьвестак Службы (занятасьці), у 1,6 раза больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году, калі ў Літве былі працаўладкаваныя 30 509 беларусаў», — паведаміла выданьне LRT.

Паводле афіцыйных зьвестак, колькасьць непаўналетніх і старэйшых за 65 гадоў беларусаў, якія не працуюць, не перавышае 5 тысяч.

Больш за ўсё грамадзян Беларусі працаўладкавана ў сфэрах транспарту і лягістыкі (73%), будаўніцтва (12%) і інфармацыі і сувязі (9%). Акрамя таго, на 1 лютага на ўліку ў Службе занятасьці знаходзіліся 512 беларускіх грамадзян. У 2020 годзе гэтая лічба складала 227.

«Сярод высокакваліфікаваных спэцыялістаў пераважна тыя, хто хоча ўладкавацца на пасады лягістаў [мэнэджараў], праграмістаў, тэставальнікаў праграмнага забесьпячэньня, графічных дызайнэраў і мэнэджараў па продажах. Найбольш папулярныя прафэсіі сярэдняга ўзроўню — кіроўца аўтамабіля, майстар манікюру, прадавец, кухар, кравец і афіцыянт, а некваліфікаваныя — падсобныя рабочыя і ўпакоўшчыкі», — паведамілі ў Службе занятасьці.

У Цэнтры рэгістрацыйных запісаў паведамілі, што большасьць грамадзян Беларусі — 28 250 — задэкляравалі сваё месца жыхарства ў Віленскім гарадзкім самакіраваньні. Прыкладна 4,4 тысячы беларусаў зарэгістраваліся ў Шаўлях і Віленскім раёне. У Коўна і Ковенскім раёне заявілі пра сваё месца жыхарства каля 5,8 тысячы, яшчэ 1,9 тысячы — у Клайпедзе. Беларусы дэкляравалі сваё месца жыхарства ў Троках, Электрэнаі, Салечніках, Уцяне. Аднак заяўленае месца жыхарства можа адрозьнівацца ад фактычнага.

Паводле Цэнтру рэгістрацыйных запісаў, у 2023 годзе беларусы набылі 471 аб’ект нерухомасьці, а сёлета ня менш за 17.

Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы, з пачатку году да 22 лютага 232 грамадзянам Беларусі адмовілі ва ўезьдзе на тэрыторыю Літвы — значная частка зь іх ня мела неабходных дакумэнтаў і не магла абгрунтаваць мэту сваёй паездкі. У 2023 годзе ў Літву не пусьцілі 1734 грамадзян Беларусі, пераважна з прычын ранейшай забароны на ўезд або пагрозы нацыянальнай бясьпецы.

Памежнікі падлічылі, што з пачатку году да 22 лютага праз памежны пункт пропуску «Лаварышкі» прыбылі 35 586 чалавек, зь іх 19 671 грамадзянін Беларусі. За гэты ж пэрыяд зь Літвы выехалі 36 767 чалавек, у тым ліку 20 640 беларусаў. Праз пункт «Райгорад» прыбылі 41 920 чалавек, у тым ліку 35 766 грамадзян Беларусі, а выехалі 38 203 чалавекі, у тым ліку зь іх 31 817 беларусаў.

Літоўскія памежнікі сьцьвярджаюць, што летась 87% беларусаў перасякалі мяжу 7 разоў на год. Усяго празь літоўскую мяжу прайшлі 2,5 мільёна грамадзян Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG