Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прагнозы несуцяшальныя». Хлопец беларускі, якую згвалтавалі ў Варшаве, расказаў пра яе стан


На месцы здарэньня, фота польскай паліцыі
На месцы здарэньня, фота польскай паліцыі

25-гадовая Лізавета, якую згвалтавалі і спрабавалі забіць у цэнтры Варшавы, цяпер у цяжкім стане ў шпіталі. Выданьне «Люстэрка» паразмаўляла зь яе хлопцам, 25-гадовым Данілам, які расказаў пра дзяўчыну і яе цяперашні стан. Паводле лекараў, прагнозы несуцяшальныя.

«Ліза знаходзіцца ў аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі. У мяне гутарковая польская, мэдычныя тэрміны ня вельмі разумею, але з таго, што мне казалі, выходзіць, што па факце яна памерла, і нейкі час сэрца не працавала. Пасьля лекары яе рэанімавалі. Цяпер праз гэта праблемы з мозгам, ён нейкі час не атрымліваў кісларод. У мяне мільён пытаньняў да лекараў, але яны ўсё вылятаюць з галавы», — кажа хлопец Лізаветы Даніла.

Паводле Данілы, за апошнія некалькі дзён Лізавету агледзела нямала лекараў, але прагнозы, кажа ён, ня самыя вясёлкавыя — стан дзяўчыны цяжкі. Цягам бліжэйшых трох-чатырох дзён стане больш зразумела, ці пойдзе Лізавета на папраўку і як хутка.

«Учора заходзіў нэўроляг і сказаў, што сытуацыя пагоршылася: ёсьць імавернасьць, што яна альбо памрэ, альбо застанецца ў такім стане назаўжды, — кажа Даніла. — Лекары кажуць рыхтавацца да сьмяротнага зыходу, але я ўва ўсё гэта ня веру. Гэта проста як страшны сон».

26 лютага Даніла праседзеў зь Лізаветай практычна ўвесь дзень, зь некалькімі перапынкамі. Калі ён пайшоў дадому, стан дзяўчыны пагоршыўся, у яе паднялася тэмпэратура. На наступны дзень дактары патэлефанавалі і сказалі, што беларусцы стала яшчэ горш. Як зразумеў суразмоўца, у дзяўчыны ацёк мозгу.

Сытуацыя ўскладняецца тым, што ў Лізаветы не было мэдычнай страхоўкі. Пакуль што пра аплату лекаваньня дактары нічога не казалі, толькі прасілі купіць прадметы гігіены. Але пра страхоўку ўжо пыталіся, кажа хлопец.

Як расказаў Даніла, Лізавета родам з аграгарадка Путчына Дзяржынскага раёну. Паводле Данілы, адносіны з бацькамі ў яе не складаліся, і з 14 гадоў дзяўчына «была сама па сабе». У Беларусі працавала ў розных месцах, але больш за ўсё любіла «рабіць бровы», кажа хлопец. У Польшчы яна апынулася пасьля выбараў 2020 году.

«Адміністратыўных затрыманьняў або крымінальнай справы не было. Яна проста зьбегла, каб гэта ўсё не нагнала яе. У вас жа рэпрэсіі пачаліся, і яна вырашыла праз гэта зьехаць. Плюс яна хацела нешта памяняць у жыцьці», — кажа Даніла.

Паводле яго, Лізавета падтрымлівала адносіны толькі з бацькам і братам, якія засталіся ў Беларусі, у Варшаве ніякіх сваякоў у яе няма. «Я фактычна адзіны яе блізкі чалавек тут», — тлумачыць малады чалавек.

Даніла адкрыў дабрачынны збор для падтрымкі Лізы. Падтрымаць дзяўчыну можна па спасылцы.

Таксама блізкія Лізаветы просяць адгукнуцца беларускіх лекараў, якія могуць пракансультаваць іх па яе стане і магчымым лекаваньні.

  • А 5-й раніцы 25 лютага ў сталіцы Польшчы знайшлі беларуску без прытомнасьці са сьлядамі ўдушэньня на целе. Яна ляжала распранутая на вуліцы Журавяй у самым цэнтры гораду. Дзяўчыну рэанімавалі і ў крытычным стане даставілі ў шпіталь.
  • Увечары таго ж дня затрымалі мужчыну, які, паводле вэрсіі сьледзтва, датычны да нападу. Яго нібыта вылічылі па камэрах відэаназіраньня. Па факце злачынства завялі крымінальную справу паводле артыкулаў, зьвязаных са згвалтаваньнем і замахам на забойства. Ёсьць інфармацыя, што дома ў падазраванага ў злачынстве паліцыянты знайшлі літаратуру на тэму забойстваў і згвалтаваньняў.
  • 27 лютага адбудзецца першы допыт меркаванага гвалтаўніка. Яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG