У нядзелю, 25 лютага, у сталіцы Польшчы знайшлі беларуску без прытомнасьці са сьлядамі ўдушэньня на целе. Яна ляжала раніцай распранутая на вуліцы Журавяй у самым цэнтры гораду, паведаміў Miejski Reporter. Напад адбыўся ў раёне 5 гадзін раніцы.
Дзяўчыну рэанімавалі і ў крытычным стане даставілі ў шпіталь, застаецца пагроза яе жыцьцю. Тая самая крыніца піша пра тое, што беларусцы 25 гадоў, яна ішла няроўна, што можа сьведчыць пра алькагольнае ап’яненьне ці ўжываньне іншых сродкаў.
Увечары таго ж дня затрымалі мужчыну, які, паводле вэрсіі сьледзтва, датычны да нападу. Яго нібыта вылічылі па камэрах відэаназіраньня. Па факце злачынства завялі крымінальную справу паводле артыкулаў, зьвязаных са згвалтаваньнем і замахам на забойства. Пры гэтым Miejski Reporter паведаміў, што злачынец напаў на ахвяру ззаду, прыставіў нож да горла, уцягнуў у браму дома, згвалціў, а затым стаў душыць. Іншыя крыніцы, што спасылаюцца на паліцыю, ня пішуць пра гэтую вэрсію.
Партал tvp.info паведаміў, што мужчыну 23 гады, па іншых вэрсіях яму каля 30 гадоў. Ён нібыта меў праблемы з наркотыкамі.
Пасьля злачынства мужчына зрабіў пакупкі ў краме непадалёк, сеў у трамвай і паехаў. Каля 18.30 таго ж дня яго затрымалі. Ёсьць інфармацыя, што дома ў падазраванага ў злачынстве паліцыянты знайшлі літаратуру на тэму забойстваў і згвалтаваньняў.
27 лютага адбудзецца першы допыт меркаванага гвалтаўніка. Яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.