Пра гэтую рэакцыю прэсавага сакратара Міністэрства замежных спраў Анатоля Глаза паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Глаз сказаў, што супрацоўнікі МЗС «правялі паглыбленыя кансультацыі зь юрыстамі, каб зразумець, якое дачыненьне Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША мае да выбараў у нашай краіне. Сувязі не знайшлі. Пасьля гэтага мы паспрабавалі адшукаць у міжнародным праве вызначэньне ролі ЗША як ацэншчыка выбарчага працэсу ў незалежных дзяржавах. І тут таксама не знайшлі такога права».
Прадстаўнік МЗС Беларусі падкрэсьліў, што выбары ў Беларусі прайшлі «пад абаронай і ў поўнай адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам».
«І мы ня супраць, калі выбары ў ЗША, якімі б дзіўнымі яны ні здаваліся большасьці краінаў сьвету, будуць праходзіць у поўнай адпаведнасьці з амэрыканскім заканадаўствам, — дадаў ён. — Што да дыпляматыі і непасрэднай кампэтэнцыі МЗС Беларусі і Дзярждэпартамэнту ЗША, то яшчэ раз пацьвярджаем адкрытасьць да раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялёгу з амэрыканскім бокам».
25 лютага, у асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Беларусі Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што ЗША асуджаюць праведзеныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі «фіктыўныя парлямэнцкія і мясцовыя выбары». Паводле заявы, выбары прайшлі ў атмасфэры страху, у якой ніводную выбарчую працэдуру нельга было назваць дэмакратычнай.
«Рэжым па-ранейшаму трымае больш за 1400 палітвязьняў. Усе незалежныя палітычныя дзеячы альбо затрыманыя, альбо выгнаныя. Усім незалежным палітычным партыям было адмоўлена ў рэгістрацыі. Беларусы за мяжой маглі галасаваць толькі ў тым выпадку, калі яны вернуцца ў Менск, дзе яны, верагодна, зазналі б рэпрэсіі», — адзначыў Дзярждэпартамэнт ЗША.