Кіраўнік ураду Беларусі Раман Галоўчанка ініцыяваў стварэньне ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) мэханізмаў, якія дазволяць правесьці імпартазамяшчэньне праграмнага забесьпячэньня і яго выкарыстаньня ў краінах, якія ўваходзяць у гэтую арганізацыю.
«У апошнія гады мы апынуліся перад шэрагам геапалітычных выклікаў, якія паказалі, што нельга будаваць эканоміку, у тым ліку лічбавую, толькі на базе замежных рашэньняў. Неабходна распрацоўваць уласнае, нацыянальнае праграмнае забесьпячэньне, якое будзе адпавядаць нашым мэтам і базавацца на ўласных тэхналёгіях з шырокім выкарыстаньнем адкрытага зыходнага коду», — працытавала Рамана Галоўчанку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Кіраўнік ураду Беларусі, выступаючы ў Казахстане на лічбавым форуме Digital Almaty 2024, заявіў, што працу для імпартазамяшчэньня праграмнага забесьпячэньня трэба арганізаваць у межах ЭАЭС.
«Вялікі патэнцыял для разьвіцьця лічбавых тэхналёгій на нашай прасторы мае рэестар эўразійскага праграмнага забесьпячэньня. Уключэньне ў яго забясьпечвае прэфэрэнцыі распрацоўнікам ПЗ з усіх краін ЭАЭС у межах дзяржаўных закупак, напрыклад у Расеі. Прапаную супольна сфармаваць мэханізмы, якія пашыраць гэты кірунак да рэгіянальнай экасыстэмы IT-прадуктаў, якая дазволіць удзельнікам ЭАЭС выкарыстоўваць створанае ў нашых краінах праграмнае забесьпячэньне на ўзаемавыгадных умовах. Гэта дазволіць скараціць лічбавы разрыў паміж намі», — сказаў Раман Галоўчанка.
Кіраўнік ураду Расеі Міхаіл Мішусьцін у сваім выступе падтрымаў ініцыятыву Рамана Галоўчанкі.
«Разьвіцьцё Эўразійскага эканамічнага саюзу шмат у чым залежыць ад нашай згуртаванасьці. Ад уменьня хутка і эфэктыўна рэагаваць на ўсе зьмены, якія адбываюцца, і на выклікі. Ад укараненьня лічбавых рашэньняў ва ўсе галіны: у дзяржкіраваньне, сацыяльную сфэру і галіны эканомікі. Давайце разам над гэтым працаваць. І разам будаваць нашу пасьпяховую будучыню», — заявіў Міхаіл Мішусьцін.
Прэм’ер-міністар Расеі падкрэсьліў, што Расея «гатова перадаваць партнэрам тэхналягічныя і плятформенныя рашэньні для прыскоранай лічбавізацыі на прасторы ЭАЭС».
У склад Эўразійскага эканамічнага зьвязу, створанага 6 ліпеня 2010 году, уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея.
У 2022 годзе пасьля падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Расеі і Беларусі ўвялі санкцыі ў сфэры ІТ і забаранілі перадачу тэхналёгій і праграмнага забесьпячэньня, якое распрацоўвалі замежныя кампаніі для кіраваньня ў розных галінах эканомікі.