Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі хочуць уніфікаваць цэны на паслугі ў прыватных і дзяржаўных мэдустановах


Дзяржаўная паліклініка ў Гомельскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Дзяржаўная паліклініка ў Гомельскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

З 2022 году Міністэрства здароўя Беларусі актыўна правярала прыватныя мэдцэнтры.

Міністар здароўя Беларусі Аляксандар Хаджаеў заявіў аб неабходнасьці вырашэньня праблемы розных цэнаў на адны і тыя ж паслугі ў дзяржаўных і прыватных мэдычных установах «па ўсіх кампанэнтах дапамогі, пачынаючы ад стаматалёгіі і заканчваючы УГД».

Як паведаміла выданьне «Позірк», у эфіры тэлеканалу ОНТ Аляксандр Хаджаеў адзначыў, што кансультацыя спэцыялістаў у арганізацыі аховы здароўя можа пачынацца ад 15 рублёў, «але чамусьці ў прыватных кампаніях яна пачынаецца ад 50».

«У большасьці сваёй гэта спэцыялісты, якія не атрымалі нейкіх дадатковых ведаў, проста пераходзяць у прыватную сыстэму, аказваючы абсалютна тую ж паслугу. Мы павінны быць роўнымі, роўнымі перад законам і роўнымі перад умовамі і ва ўмовах, у якіх мы працуем», — сказаў міністар.

Паводле яго, тады «напэўна, і цэны будуць блізкія, і сацыяльная нагрузка, і адказнасьць нашых прыватных партнэраў будзе крыху іншай».

У 2022 годзе Міністэрства аховы здароўя актыўна правярала прыватныя мэдцэнтры. Прыпынялася праца ня менш як дзевяці зь іх: «Кравіры», «Доктара Нэма», «ПлеядаМэд», «Тры дантысты Плюс», Dental Clinic, «Нардына», «ЛОДЭ», «Клінікі А1», а таксама клінікі «Мэрсі», будаўніцтва якой фінансавалася з удзелам Сусветнага банку.

Большасьць мэдцэнтраў аднавілі дзейнасьць.

17 красавіка 2023 году Камітэт дзяржкантролю паведаміў аб завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да ўладальніка і чатырох супрацоўнікаў мэдцэнтра «Новы зрок». Ім інкрымінавалі нявыплату падаткаў. КДК заявіў, што на працягу апошніх пяці гадоў 50 працаўнікам мэдцэнтру нібыта выплацілі «у канвэртах» больш за 2,5 мільёна рублёў.

Мэдцэнтар адрэагаваў на рашэньне Міністэрства здароўя і апублікаваў на сваім сайце заяву аб спыненьні дзейнасьці сеткі клінік у краіне і выхадзе зь беларускага рынку.

13 сьнежня 2023 году набыла моц пастанова Міністэрства аховы здароўя № 170 «Аб вызначэньні гранічных максымальных тарыфаў на стаматалягічныя паслугі». Нягледзячы на тое, што пералік паслуг, якія рэгулюе гэтая пастанова, займае 19 старонак, на практыцы рэалізацыя гэтага нарматыўнага акту не прывяла да патаньненьня паслуг стаматолягаў у прыватных мэдцэнтрах, як гэта анансавала ведамства.

Паводле інфармацыі саміх мэдцэнтраў, гэта адбылося ў асноўным таму, што зьніжэньне тарыфаў на стаматалягічныя паслугі ў значнай ступені «кампэнсавалася» аб’ектыўным павелічэньнем цэн на імпартныя расходныя матэрыялы, дадатковымі лекарскімі дзеяньнямі, у тым ліку тымі, якія прадугледжваюць пастановы Міністэрства здароўя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG