Пра гэта паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода са спасылкай на крыніцы ў Брусэлі.
Замест агульнай заявы ад імя ўсіх краін ЭЗ будзе, як паведамляюць крыніцы, апублікаваная заява, падпісаная кіраўнікамі Эўракамісіі, Рады ЭЗ і Эўрапарлямэнту.
Для публікацыі афіцыйнай заявы ЭЗ неабходная згода ўсіх 27 краін Зьвязу. Як адзначае карэспандэнт Свабоды, Вугоршчына і раней нярэдка блякавала публікацыю падобных заяў, апошні раз гэта адбылося на мінулым тыдні, калі Будапэшт не ўхваліў заяву з асуджэньнем плянаў Ізраілю правесьці апэрацыю ў горадзе Рафах на поўдні сэктара Газа. Раней Вугоршчына накладала вэта таксама на заявы з асуджэньнем Азэрбайджану, Кітаю і Расеі.
Па словах дыплямата адной з краін ЭЗ, прапанаваны тэкст заявы, прысьвечанай гадавіне ўварваньня ва Ўкраіну, быў для Будапэшта «занадта жорсткі», — відавочна, маецца на ўвазе, што ён утрымліваў жорсткую крытыку Расеі.
- Улады Вугоршчыны займаюць у адносінах да вайны ва Ўкраіне асаблівую пазыцыю, якая адрозьніваецца ад пазыцыі пераважнай большасьці краін ЭЗ. Вугоршчына не дае Ўкраіне вайсковай дапамогі і афіцыйна заклікае да мірных перамоваў без папярэдніх умоваў, што для Кіева непрымальна.
- Раней на гэтым тыдні ЭЗ ухваліў 13-ы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі і Беларусі, прымеркаваны да другой гадавіны пачатку вайны. Вугоршчына пагадзілася яго ўхваліць, заявіўшы, што на этапе абмеркаваньняў яе заўвагі былі ўлічаныя.