Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы ў «справе БелТА» і ягоны кіраўнік атрымалі ад Лукашэнкі ордэны «За службу Радзіме»


Цырымонія ўзнагароджаньня. 23 лютага 2024
Цырымонія ўзнагароджаньня. 23 лютага 2024

Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам «За службу Радзіме» II ступені палкоўнікаў юстыцыі Сяргея Гамко і Аляксандра Сяменіка.

Як паведамляецца на сайце Аляксандра Лукашэнкі, цырымонія ўзнагароджаньня адбылася 23 лютага.

Аляксандар Сяменік вёў так званую «Справу БелТА».

7 жніўня 2018 году ў офісах кампаній Tut.by і БелаПАН правялі ператрусы і затрымалі галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву, рэдактарак парталу Ганну Калтыгіну, Галіну Ўласік і Ганну Ермачонак, карэспандэнта БелаПАН Тацяну Каравянкову, галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну, уласнага карэспандэнта «Нямецкай хвалі» Паўла Быкоўскага і рэдактара сайту газэты «Белорусы и рынок» Аляксея Жукава.

Усе яны па некалькі дзён праседзелі ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. Усяго па «справе БелТА» у розных статусах праходзілі каля двух дзясяткаў беларускіх журналістаў. У канцы лістапада 2018 году 14 абвінавачаных вызвалілі ад крымінальнай і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. Апроч штрафаў, журналісты кампэнсавалі вызначаную шкоду ў розных памерах — ад 3 да 17 тысяч рублёў.

Да суду паводле крымінальнага абвінавачаньня давялі толькі справу Марыны Золатавай. Яна сваёй віны не прызнала, у выніку яе аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. На судовых пасяджэньнях у яе справе сьведкі заяўлялі пра ціск з боку сьледчага Аляксандра Сяменіка.

Сяргей Гамко тады ачольваў упраўленьне па расьсьледаваньні злачынстваў супраць інфармацыйнай бясьпекі і інтэлектуальнай уласнасьці ў Галоўным сьледчым упраўленьні Сьледчага камітэту — яно займалася расьсьледаваньнем «справы БелТА». Цяпер ён служыць намесьнікам начальніка галоўнага ўпраўленьня лічбавага разьвіцьця папярэдняга сьледзтва Сьледчага камітэту.

Апроч таго, Сяргей Гамко курыраваў расьсьледаваньне крымінальнай справы аб ухіленьні ад падаткаў у асабліва вялікім памеры. Шасьці фігурантам справы інкрымінавалі незаконнае абарачэньне крыптавалюты.

Такі ж ордэн атрымаў і намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандар Невяроўскі. Вядома, што ён вёў перамовы з Іранам і шмат выказваўся наконт мігранцкага крызісу на мяжы Беларусі і Эўразьвязу, абвінавачваючы заходнія краіны ў «негуманным стаўленьні да мігрантаў». Апроч таго, ён вядзе перамовы аб бясьпецы «саюзнай дзяржавы».

У 2020 годзе Аляксандар Невяроўскі, які тады служыў старшынём горадзенскага аддзелу КДБ, удзельнічаў у перамовах з пратэстоўцамі ў Горадні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG