Падтрыманыя Саэймай Латвіі папраўкі забараняюць увоз сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі ў Латвію з Расеі і Беларусі, а таксама ўвоз у Латвію сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі расейскага або беларускага паходжаньня зь іншых краін, паведамляе прэс-служба ведамства.
На працягу 14 дзён з дня ўступленьня ў сілу гэтых паправак латвійскі ўрад павінен вызначыць у правілах сьпіс канкрэтных прадуктаў, якія забаронена ўвозіць у Латвію.
Забарона будзе дзейнічаць сама меней да 1 ліпеня 2025 году, піша lsm.lv.
Варта адзначыць, што забарона будзе распаўсюджвацца на сельскагаспадарчую і жывёлагадоўчую прадукцыю, якая застаецца ў Латвіі, а не на тую, якая транспартуецца ў іншыя краіны Эўразьвязу.
Прэм'ер-міністарка Латвіі Эвіка Сіліня раней заявіла, што яе дзяржава падае прыклад іншым, забараняючы імпарт збожжа з Расеі і Беларусі.
Латвія — першая краіна Эўразьвязу, якая забараніла імпарт сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі з Расеі і Беларусі.