Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат агучыў сярэдні заробак працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Мы параўналі яго з суседзямі


Трактар у полі. Беларусь, 2020 год
Трактар у полі. Беларусь, 2020 год

У Беларусі сёньня адзначаюць Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасьці аграпрамысловага комплексу. Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў з гэтай нагоды агляд пра працаўнікоў гэтай сфэры.

Белстат сьцьвярджае, што сярэдні заробак працаўнікоў сельскай гаспадаркі за студзень-верасень 2023 году складаў 1453 рублі ў месяц або 406 эўра. За год заробак нібыта вырас ажно на 24%.

Для параўнаньня прыводзім сярэднія заробкі працаўнікоў сельскай гаспадаркі ў суседзяў Беларусі. Сумы прыведзеныя з улікам падаткаў.

  • Польшча: 1601 эўра.
  • Латвія: 1486 эўра.
  • Літва: 1551 эўра.
  • Расея: 401 эўра.
  • Украіна: 377 эўра.

Рэшта статыстычных дадзеных датычыць 2022 году. У сфэры сельскай гаспадаркі летась было занята 251,3 тыс. чалавек, або 7 працэнтаў ад усіх занятых у эканоміцы. Большасьць зь іх — гэта мужчыны. Іх, паводле інфармацыі Белстату, 61,1%. Сярэдні ўзрост работнікаў склаў 43,1 гады.

Паводле папярэдніх даных, уклад сельскагаспадарчай вытворчасьці ў аб’ём ВУП Беларусі — 7,2 працэнта. У структуры вытворчасьці лідзіруюць сельскагаспадарчыя арганізацыі — яны займаюць 76,3%, гаспадаркі насельніцтва — 20,5%, а сялянскія (фэрмэрскія) гаспадаркі — 3,2%.

У 2022 годзе ў Беларусі па абʼёме вытворчасьці асноўных відаў харчаваньня на душу насельніцтва сытуацыя была наступнай: збожжа — 943 кг, малако — 853, бульба — 481. Ужо вядома, што паказьнік па збожжы сёлета будзе значна меншы, паколькі ўраджай быў горшым за 2022 год. Паводле ўладаў, Беларусь набудзе ў Расеі паўмільёна тонаў збожжа. Тым часам суседняя Літва мае намер экспартаваць некалькі мільёнаў сабранага ў гэтым годзе збожжа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG