Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія кампаніі пастаўлялі абсталяваньне для ваеннай прамысловасьці Расеі ў абыход санкцыяў, — расьсьледаваньне


Ілюстрацыйнае фота. Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр-М»
Ілюстрацыйнае фота. Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр-М»

Нягледзячы на міжнародныя санкцыі, сучаснае заходняе абсталяваньне абыходнымі шляхамі працягвае паступаць у Расею.

У сумесным расьсьледаваньні «Вёрстка», беларускае «Бюро» і Цэнтар па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) знайшлі тых, хто стаіць за гэтымі пастаўкамі.

Увагу расьсьледнікаў прыцягнула расейская група кампаній «ОСТЕК». Яна пастаўляла японскае абсталяваньне для каломенскага прадпрыемства «Канструктарскае бюро машынабудаваньня», якое распрацавала ракетныя комплексы «Точка-У» і «Іскандэр-М»; карэйскае, нямецкае і італьянскае абсталяваньне — для Разанскага радыёзаводу, найбуйнейшага пастаўшчыка сродкаў радыёсувязі для Мінабароны Расеі. Адзначылася «ОСТЕК» і ў мадэрнізацыі карпусоў расейскай карпарацыі «Комета».

«ОСТЕК-СМТ», якая ўваходзіць у яе, яшчэ ў 2021 годзе выйграла тэндэр на пастаўку абсталяваньня для маскоўскага Цэнтральнага навукова-дасьледчага інстытуту хіміі і мэханікі, што выпускае авіябомбы, якія Расея прымяняе ва Ўкраіне. Прычым пастаўкі працягнуліся і пасьля таго, як супраць расейскага ВПК увялі санкцыі.

Пастаўкі сталі магчымымі ў тым ліку дзякуючы фірмам зь беларускімі каранямі, празь якія «ОСТЕК» увозіла тэхніку для вытворчасьці электронных кампанэнтаў у Расею.

Ключавы пастаўшчык грузу для «ОСТЕК» — на першы погляд польская фірма Inter-Trans. Яна разьмяшчаецца ў Седльцэ, непадалёк ад беларускай мяжы, цалкам падкантрольная нямецкай кампаніі BMA Spedition, спэцыялізуецца на дастаўцы грузаў з ЭЗ у краіны СНД.

Асноўным уладальнікам BMA Spedition да нядаўняга часу быў беларускі бізнэсовец Яўген Касьцюк з доляй у 76%. Яшчэ 13,85% належала прадпрыемству «БелМагістральАўтаТранс», падкантрольнаму беларускаму ўраду. Яўген Касьцюк быў яго дырэктарам.

Ужо пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну кампаніі з групы «ОСТЕК» увезьлі ў Расею абсталяваньне для вытворчасьці паўправаднікоў і мікрасхемаў коштам больш за 8 мільёнаў даляраў, вынікае з мытных зьвестак. Яно можа быць выкарыстанае ў ваеннай прамысловасьці. Краінамі яго паходжаньня ў мытных дэклярацыях пазначаныя краіны Эўразьвязу, Японія, Паўднёвая Карэя, Сынгапур, ЗША.

Сынгапур і Паўднёвая Карэя абмежавалі пастаўкі тавараў вайсковага і падвойнага прызначэньня ў Расею ў сакавіку 2022 году, Японія — у студзені 2023 году. У лютым 2023 году ЭЗ і ЗША забаранілі вывозіць у Расею абсталяваньне для выпуску паўправаднікоў і мікрасхемаў, а ў траўні ўрад ЗША наклаў санкцыі яшчэ і на групу кампаній «ОСТЕК». У чорны сьпіс трапілі таксама Inter-Trans, BMA Spedition і іх бэнэфіцыяр Яўген Касьцюк як эўрапейскія саўдзельнікі групы кампаній «ОСТЕК».

Як высьветлілі расьсьледнікі, пасьля ўвядзеньня амэрыканскіх санкцый нямецкая кампанія зьмяніла ўладальнікаў: Яўген Касьцюк перадаў сваю долю ў BMA Spedition жонцы і дачцэ, а «БелМагістральАўтаТранс» выйшла зь ліку ўладальнікаў. Нядаўна кампанія зьмяніла і назву — на TRANS-BRIDGE Logistics. Але, па сутнасьці, год да ўвядзеньня санкцыяў, пакуль ішла вайна ва Ўкраіне, беларускі ўрад празь «БелМагістральАўтаТранс» і беларус Яўген Касьцюк забясьпечвалі Расею тэхнікай для ваеннай прамысловасьці.

І пасьля ўвядзеньня маштабных санкцый пастаўкі для «ОСТЕК» працягнуліся. ЭЗ забараніў вывозіць абсталяваньне для выпуску паўправаднікоў і мікрасхемаў у Беларусь толькі ў жніўні 2023 году. Да гэтага «ОСТЕК» вазіла сучасную тэхніку ў Расею празь іншыя кампаніі.

Паводле расьсьледнікаў, адна з такіх кампаній — фірма «Тэфіда», якой валодае беларуска Марына Космач, а кіруе яе брат — Аляксандар Шыбко. Раней кампанія гандлявала запчасткамі для дарожна-будаўнічай тэхнікі. Згодна з мытнымі зьвесткамі, з сакавіка па жнівень 2023 году беларуская кампанія «Тэфіда» па даручэньні казахстанскай «КБР-Тэхналёгіі» паставіла для групы «ОСТЕК» і зьвязаных зь ёю кампаній абсталяваньне для вытворчасьці электронных кампанэнтаў коштам 5 мільёнаў даляраў — там была тэхніка нямецкай ERSA, чэскай PBT, сынгапурскай NUTEK.

Казахстанская кампанія «КБР-Тэхналёгіі» зьявілася ў Петрапалаўску ў траўні 2022 году і зьвязаная з ключавой уладальніцай BMA Spedition Вольгай Хетых, дачкой Яўгена Касьцюка. Казахстан пад заходнія санкцыі не падпадае, таму пастаўшчыкі афармляюць тавар на кампанію «КБР-Тэхналёгіі», але да Петрапаўлаўску груз не даяжджае, а едзе празь Менск і разгружаецца ў Маскве.

Вытворцы PBT і ERSA адмаўляюць пастаўкі іх абсталяваньня ў Расею ў абыход санкцый. Прадстаўнікі NUTEK, BMA Spedition, «ОСТЕК-СМТ», «КБР-Транс» і «КБР-Тэхналёгіі» не адказалі на запыты журналістаў з просьбай аб камэнтары. Уладальніца «Тэфіды» Марына Космач сказала, што ня ведала наконт паставак абсталяваньня ў Расею і што бізнэсам фактычна кіруе яе брат.

Аляксандар Шыбко спачатку адмаўляў, што «Тэфіда» займалася пастаўкамі санкцыйнага абсталяваньня ў Расею, але пасьля прызнаў, што кампанія мела справу з абсталяваньнем. Паводле яго, «Тэфіда» была проста «складам часовага захоўваньня», але ў распараджэньні журналістаў ёсьць дакумэнты, згодна зь якімі «КБР-Тэхналёгіі» ўпаўнаважвалі «Тэфіду» ня толькі на захоўваньне грузу ў Беларусі, але і на яго дастаўку ў Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG