Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Украіны ініцыяваў 50-гадовую забарону на перадачу Расеі і Беларусі вайсковых тэхналёгій і аплату кантрактаў у ВПК


Будынак ураду Ўкраіны. Кіеў, архіўнае фота
Будынак ураду Ўкраіны. Кіеў, архіўнае фота

Цяпер прапановы ўраду мае разгледзець Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

Кабінэт міністраў Украіны распрацаваў і перадаў на разгляд Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны прапановы аб увядзеньні санкцый на 50 гадоў у абаронна-прамысловай сфэры.

У прыватнасьці, украінскі ўрад прапанаваў:

  • забараніць правядзеньне апэрацый з таварамі і паслугамі ў сфэры міжнародных перадач з рэзыдэнтамі Расеі і Беларусі, у тым ліку тых, да ажыцьцяўленьня якіх залучаюцца рэзыдэнты іншых дзяржаў,
  • спыніць выкананьне эканамічных і фінансавых абавязаньняў на карысьць рэзыдэнтаў Расеі і Беларусі,
  • забараніць перадачу Беларусі і Расеі тэхналёгій, правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці (вынаходкі, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры, кампаноўкі паўправадніковых вырабаў, таварныя знакі, геаграфічныя ўказаньні, гатункі расьлін, аб’екты аўтарскага права і сумежных правоў) і афармленьня адпаведных дакумэнтаў (за выключэньнем выпадкаў прадоўжваньня тэрміну дзеяньня дакумэнтаў),
  • забараніць рэгістрацыю і акрэдытацыю арганізацый калектыўнага кіраваньня, заснавальнікамі якіх зьяўляюцца рэзыдэнты Расеі і Беларусі,
  • спыніць дзеяньне супольных праектаў і прамысловых праграм у сфэры бясьпекі і абароны (вытворчасьць тавараў вайсковага прызначэньня і падвойнага выкарыстаньня), удзельнікамі якіх зьяўляюцца рэзыдэнты Расеі і Беларусі.
  • забараніць інвэстыцыі рэзыдэнтаў Расеі і Беларусі ў прадпрыемствы, якія ажыцьцяўляюць вытворчасьць тавараў вайсковага прызначэньня і падвойнага выкарыстаньня.

Якія супольныя вайсковыя праекты мелі Ўкраіна і Беларусь

Пасьля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны ў 2014 годзе Беларусь актывізавала супрацу з Украінай у сфэры вайскова-прамысловага комплексу.

У прыватнасьці, вядома, што Менск прапаноўваў Украіне некалькі супольных праектаў у вытворчасьці вайсковай тэхнікі ў абмен на ракетную. Ёсьць зьвесткі, што толькі ў 2014 годзе гэтая тэма ўздымалася на перамовах тройчы.

У 2011 годзе быў прадстаўлены супрацьтанкавы ракетны комплекс «Скіф-10», распрацаваны кіеўскім канструктарскім бюро «Прамень» і менскай кампаніяй «Пэленг», а таксама аўтаматызаваны зэнітна-ракетны комплекс Т38 «Штылет».

Галоўнай мэтай супольных беларуска-ўкраінскіх распрацовак быў экспарт у трэція краіны.

Адной з пляцовак з 2012 году быў Аршанскі авіярамонтны завод, які мог ня толькі рамантаваць баявыя верталёты Мі-24, але і ствараць новыя машыны Мі-8МСБ. У той момант больш як 50 адсоткаў ягоных акцыяў належалі запароскаму абʼяднаньню «Мотор-Січ». У 2018 годзе беларускія ўлады нацыяналізавалі Аршанскі авіярамонтны завод, а ў кастрычніку 2022 году Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла пра затрыманьне прэзыдэнта акцыянэрнага таварыства «Мотор Січ» Вячаслава Багуслаева паводле падазрэньня ў калябарацыйнай дзейнасьці і спрыяньні дзяржаве-агрэсарцы.

У чэрвені 2016 году шмат паведамлялася аб транспартаваньні праз украінскую чыгунку шасі беларускай вытворчасьці МЗКТ-6922, прызначаных для зэнітна-ракетных комплексаў. Але так да канца і ня высьветлілася, былі яны прызначаныя менавіта ўкраінскаму ВПК ці ішлі транзытам у іншую краіну.

Спэцыялізаваны браняваны грузавы аўтамабіль «Козак-012», зроблены на базе МАЗу, на выставе «Моц новай арміі» ў Кіеве, Украіна, у 2019 годзе
Спэцыялізаваны браняваны грузавы аўтамабіль «Козак-012», зроблены на базе МАЗу, на выставе «Моц новай арміі» ў Кіеве, Украіна, у 2019 годзе

Кіеўская кампанія «Практыка» ў 2019 годзе прадэманстравала браняваны грузавы аўтамабіль «Козак-012», які ствараўся на базе МАЗ-6317. Ва Ўкраіне на яго ўсталёўвалі браняваную кабіну найвышэйшай клясы абароны, адмысловую здымную плятформу з мультыліфтам, якая дазваляла пры пагрузцы абыходзіцца бяз кранаў.

Спэцыялізаваны бронеаўтамабіль «Варта», які з 2016 году вырабляецца ў сэрыйнай вытворчасьці на прадпрыемстве «Українська бронетехніка» (да 2015 году яно займалася выпускам тары з плястмасы), таксама ствараўся на базе беларускага шасі.

З 2017 году «Варта» — на ўзбраеньні падразьдзяленьняў Міністэрства абароны Ўкраіны
З 2017 году «Варта» — на ўзбраеньні падразьдзяленьняў Міністэрства абароны Ўкраіны

Вайсковая гандлёвая статыстыка традыцыйна закрытая, аднак агульныя паказьнікі вонкавага гандлю Ўкраіны ў той час сьведчылі аб істотным павелічэньні пасьля 2014 году паставак зь Беларусі сродкаў наземнага транспарту (частка якога можа вызначацца як прадукцыя двайнога прызначэньня), электрычных машын, чыгуначных лякаматываў, аптычнага абсталяваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG