«Патрулі павінны быць узброеныя. Стралковай зброяй. Як мінімум пісталетамі. І пра гэта павінны ведаць усё. І яны павінны хадзіць спакойна па вуліцах. Гарантыя — ніякіх злачынстваў у гэтых раёнах ня будзе», — заявіў Лукашэнка.
На думку Лукашэнкі, наяўнасьць на вуліцах гарадоў узброеных сілавікоў дазволіць беларусам «адчуваць сябе ў бясьпецы». Гэтае пытаньне Лукашэнка даручыў узяць на кантроль МУС, КДБ, спэцслужбам і пракуратуры.
Лукашэнка адзначыў, што агулам узровень злачыннасьці ў Беларусі зьніжаецца, але «расьце колькасьць махлярстваў, вымаганьняў і кібэрзлачынстваў». Таксама ён падкрэсьліў, што ў Беларусі прынялі дадатковыя меры «ў апэратыўным раскрыцьці злачынстваў „экстрэмісцкай накіраванасьці“».
«Сёньня гэта найважнейшы аспэкт падтрыманьня правапарадку: спыненьне дзеяньняў адмарозкаў і прафіляктыка „аблудных“, якія яшчэ не да канца разумеюць, на што іх нацэльваюць замежныя куратары», — заявіў Лукашэнка.
- 20 лютага ў Генпракуратуры паведамілі, што ў 2023 годзе беларускія суды разгледзелі больш за 1300 «экстрэмісцкіх» крымінальных спраў.
- На сярэдзіну лютага ў Беларусі асобамі, «датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасьці», згодна са сьпісам МУС, прызналі 3765 чалавек. У пераліку «экстрэмісцкіх фармаваньняў» на канец 2023 году было 169 суб’ектаў.
- Асобна ў Беларусі існуе сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за распаўсюд і захоўваньне якіх пагражае адміністрацыйная адказнасьць. Гэта сьпіс на 840 старонак. Толькі за апошні год пад адміністрацыйны перасьлед за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапіў 1391 чалавек.